ЯК ЖЫВЕЦЦА БЕЛАРУСКІМ ГОМАСЭКСУАЛАМ Ў НЯМЕЧЧЫНЕ?

Ул. інф.

Як піша Neues Deutschland, заключэньне аднаполых шлюбаў у Нямеччыне пачалося ад 1-га жніўня 2001 году. Паводле закону, партнэры могуць насіць аднолькавае прозьвішча, могуць атрымаць у спадчыну маёмасьць адзін аднаго, выхоўваць разам дзіця, чыім фізічным бацькам або маці зьяўляецца адзін з удзельнікаў шлюбу. Тым часам адапатацыя дзяцей у такой сям’і немагчымая. “Гэта, аднак, не адзіная дыскрымінацыя аднаполых сем’яў”, – піша газэта.

Былы менчук Аляксандар, які ад 1993 году жыве ў Нямеччыне, а зараз мае нямецкі пашпарт, 10 год не без узаемнасьці кахае віленчука Андрэя. Два гады таму маладыя людзі ўступілі ў шлюб у нямецкім горадзе Касэлі. У дзень заключэньня шлюбу высьветлілася, што Андрэй мае больш абмежаваныя правы ў параўнаньні з тым, калі б на ягоным месцы апынулася жанчына. Калі б гэта быў гетэрасэксуальны шлюб, то Андрэй аўтаматычна атрымаў бы від на жыхарства ў Нямеччыне. У аднаполым шлюбе такое не прадугледжана.
Паводле Аляксандра, у гомасэксуальных шлюбах адкрытымі застаюцца шмат момантаў, якія ў выпадку з гетэрасэксуаламі вырашаюцца аўтаматычна. Гэта пытаньні сямейных падаткаў, апекі, сацыяльнай падтрымкі ў часе беспрацоўя аднаго з партнэраў. Падобны пералік можна працягваць і працягваць, – піша газэта.

Але... яшчэ пра адзін выпадак. Ён здарыўся з былой беларускай грамадзянкай Тацянай. Каля двух гадоў таму – пасьля шасьці год сумеснага жыцьця з Анэтай, яна ўступіла ў шлюб са сваёй каханай жанчынай. Лесьбійскае шчасьце працягвалася нядоўга. Летась Тацяніна жонка памерла ад цяжкай хваробы. Дзьве Анэціны дачкі, якіх у тым ліку расьціла і выхоўвала Тацяна, у выніку рашэньня суду былі перададзеныя: старэйшая – бацьку, які ніколі не цікавіўся яе існаваньнем, а малодшая – у сацыяльную ўстанову, кшталту дзіцячаму дому. Усё здарылася таму, што ніводзін зь юрыстаў не зьвярнуў увагу жанчын на дадатковае і карэктнае афармленьне папераў. Праз восем гадоў шчасьлівага сямейнага жыцьця Тацяна, паводле яе словаў, адчувае сябе ашуканай і нікому не патрэбнай.