АМБАСАДАР ЗША ДЖОРДЖ КРОЛ НАВЕДАЎ БАРАНАВІЧЫ

Алесь Горбач, Баранавічы

Падчас сустрэчы амэрыканскага амбасадара з кіраўніцтвам выдавецкага дому “Інтэкс-прэс” абмяркоўваліся праблемы рэгіянальнай прэсы, а менавіта пытаньні рэгістрацыі незалежных выданьняў, распаўсюд газэтаў, дачыненьні зь мясцовымі органамі ўлады. Кіраўнік “Інтэкс-прэсу” Ўладзімер Янукевіч зьвярнуў увагу спадара Крола і на зьмены ў закон аб друку, што рыхтуюцца Палатай прадстаўнікоў. Паводле спадара Янукевіча, кожнае новаўвядзеньне ў заканадаўстве ўсё больш ускладняе ўмовы існаваньня недзяржаўных выданьняў. Не засталіся па-за ўвагай падчас размовы і эканамічныя ды палітычныя працэсы ў баранавіцкім рэгіёне.

Сёньняшнюю сустрэчу з амбасадарам Злучаных Штатаў Амэрыкі Джорджам Кролам кіраўнік Баранавіцкай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Панамароў пракамэнтаваў так:

(Панамароў: ) “Безумоўна, нам было прыемна сустракаць амбасадара Злучаных Штатаў у нашым выдавецкім доме. На маю думку, сёньняшняя сустрэча сьведчыць, што яны зацікаўленыя ў тым, каб дэмакратычныя працэсы на Беларусі разгортваліся менавіта ў тым кірунку, як яны разгортваюцца ва ўсім сьвеце. І тая ўвага, якой спадар амбасадар надзяляе нас сваім візытам, мне падаецца, таксама сьведчыць аб тым, што мы ў сьвеце не адзінокія, і разам мы набліжаем дэмакратыю ў Беларусі”.

Алег Панамароў таксама адзначыў, што выдавецкі дом “Інтэкс-прэс” на сёньня мае значную вагу ў рэгіёне, бо выдае восем рэгіянальных газэтаў у Баранавічах, Ляхавічах, Ганцавічах, Нясьвіжы ды Пінску.

Пасьля размовы, што адбывалася гадзіну, спадар Крол скіраваўся ва ўрочышча Мерачоўшчына ўшанаваць памяць Тадэвуша Касьцюшкі.