МЭМАРЫЯЛЬНАЯ ВЫСТАВА ЯЎГЕНА КУЛІКА

Валянціна Аксак, Менск

Пры жыцьці Яўген Кулік ня меў ніводнае пэрсанальнае выставы. Хоць у сяброў Саюзу мастакоў зазвычаена ладзіць свае асабістыя экспазыцыі ў найлепшых залях краіны да кожнае круглае даты, пачынаючы ад 50-годзьдзя. Але 50-годзьдзе Яўгена Куліка прыпала на час, калі ён цалкам быў аддадзены справе адраджэньня беларушчыны. Як, зрэшты, і ўсе папярэднія і наступныя гады свайго жыцьця. Ладжаньне выставы вымагала часу, якога не ставала.

Да 60-годзьдзя спадар Кулік паддаўся на ўгаворы сяброў, але сваю пэрсанальную выставу ён, ляўрэат многіх прэстыжных конкурсаў кніжнае графікі, марыў мець у Нацыянальным мастацкім музэі. Ды, як сказаў нам сябра мастака скульптар Алесь Шатэрнік, мара Яўгена Куліка ня зьдзейсьнілася.

(Шатэрнік: ) “У сувязі зь ягонымі поглядамі ніхто яму ў мастацкім музэі не дазволіў”.

Да 65-годзьдзя спадар Кулік згадзіўся рабіць выставу ў Палацы мастацтваў, аднак не дажыў да гэтае даты — 12 студзеня 2002 году закончыўся ягоны зямны шлях. Так што адчыненая праз два гады пэрсанальная выстава стала мэмарыяльнай.

Экспазыцыю, якую пачаў Яўген Кулік рыхтаваць яшчэ сам, зладзіла цяпер мастакоўская суполка “Пагоня”, актыўным сябрам якое і адным зь яе стваральнікаў ён быў. Гаворыць кіраўнік суполкі Мікола Купава:

(Купава: ) “Яўген Кулік — гэта, канечне постаць вельмі магутная на нашым мастакоўскім і культурным даляглядзе, і на палітычным, і грамадзкім. Гэта адзін з тых карыфэяў, якія пачыналі новае беларускае адраджэньне ў сярэдзіне 1960-х разам зь Лявонам Баразном і іншымі, тады нешматлікімі людзьмі, якія стаялі ля стырна нашага нацыянальнага руху”.

Асоба Яўгена Куліка была надзвычай шматгранная. І гэта яскрава пацьвярджае экспазыцыя выставы. Большасьці працаў шырокая публіка ніколі ня бачыла. Асабліва ўражваюць каляровыя малюнкі, якіх шмат знайшлі сябры ў архіве мастака, і якія паказваюць тонкую паэтычную душу гэтага, як здавалася, суворага чалавека. Большасьць твораў зробленая ў часе бясконцых вандровак мастака па Беларусі, архітэктурныя помнікі, краявіды і знаных людзей якое ён маляваў.