БАПТЫСТЫ ПАДТРЫМАЛІ ДАКЛАД ДЗЯРЖДЭПАРТАМЭНТУ ЗША ПРА РЭЛІГІЮ Ў БЕЛАРУСІ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Тым часам у Камітэце ў справе рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі пакуль ня могуць адказаць, ці справядлівыя заўвагі амэрыканцаў на адрас беларускіх уладаў адносна свабоды веравызнаньня.

(Рашкоўскі: ) “Мы вельмі радыя, што нас абараняюць і стаяць на пазыцыі павагі да правоў чалавека, незалежна ад таго, гэта беларусы, расейцы, украінцы ці амэрыканцы. Вітаем усіх, хто за праўду і за Эвангельле”, — гэтак Іосіф Рашкоўскі, насмесьнік старшыні Саюзу эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў Беларусі адклікнуўся пра зьмест той часткі дакладу Дзярждэпартамэнту ЗША аб свабодзе веравызнаньня ў краінах сьвету, якая тычыцца Беларусі.

Іосіф Рашкоўскі лічыць справядлівымі заўвагі, якія выказаныя ў дакладзе. У прыватнасьці, ён згодны зь цьверджаньнем, што новы закон аб рэлігіі выкарыстоўваецца дзеля дыскрымінацыі некаторых канфэсіяў:

(Рашкоўскі: ) “Гэты закон антыхрысьціянскі, антыэвангельскі, і адпаведна, такая рэгістрацыя нас не задавальняе”.

Прыняты паўтара году таму новы закон “Аб свабодзе рэлігійных арганізацыяў і веравызнаньні” абмяжоўвае магчымасьці рэгістрацыі суполак вернікаў. У суполцы павінна быць ня менш за 20 асобаў, а службы павінны адбывацца выключна ў адмысловых культавых пабудовах. Аднак у невялікіх паселішчах выканаць такія патрабаваньні вельмі складана, а часта і немагчыма.

Ёсьць таксама іншыя патрабаваньні, якія вернікам розных канфэсіяў падаюцца несправядлівымі. У прыватнасьці, гэта тычыцца патрабаваньня да царквы мець 20-гадовы “стаж” афіцыйнага дзеяньня ў Беларусі. З гэтай прычыны было адмоўлена ў рэгістрацыі шматлікім пратэстанцкім канфэсіям, Беларускай аўтакефальнай царкве і некаторым усходнім веравызнаньням, адзначаецца ў дакладзе Дзярждэпартамэнту ЗША. Іосіф Рашкоўскі таксама лічыць гэтую заўвагу цалкам справядлівай.

А ў Камітэце ў справе рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пакуль ня могуць ацаніць дакладу Дзярждэпартамэнту ЗША. Начальнік аддзелу Аляксандар Калінаў паведаміў, што з дакладам там азнаёміліся, але камэнтар яшчэ не гатовы. “Наш камэнтар будзе гатовы не раней за 20 лютага. У дакладзе шмат супярэчлівых момантаў, адзначаюцца факты ранейшых гадоў. Таму ўсё трэба вывучыць, супаставіць, тады мы і адкажам”, — сказаў Радыё Свабода Аляксандар Калінаў з Камітэту ў справе рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі.