РАСЕЯ НЕ ЗЬБІРАЕЦЦА ПРАДАВАЦЬ БЕЛАРУСІ ЭЛЕКТРАЭНЭРГІЮ ТАНЬНЕЙ ЗА САБЕКОШТ

Віктар Дзятліковіч, Масква

РАТ “ЕЭС” гатова у любы момант узнавіць перамовы аб пастаўках электраэнэргіі ў Беларусь. Пра гэта карэспандэнту Свабоды заявіла прэс-сакратар канцэрну Тацяна Міляева. Аднак гэта быў адзіны афіцыйны камэнтар цяперашняй сытуацыі з боку “ЕЭС”.

Перамовы паміж РАТ “ЕЭС” і Белэнэрга перапыніліся у мінулую пятніцу. Ананімныя крыніцы у расейскім канцэрне сьцвярджаюць, што ініцятарам гэтага быў беларускі бок. Яго не задаволілі новыя кошты на электраэнэргію. Але нават у выпадку узнаўленьня перамоваў РАТ “ЕЭС” не зьбіраецца ісьці на нейкія саступкі.

Экспэрты РАТ “ЕЭС” лічаць, што кошт, па якім электрычнасьць прадаецца Беларусі, цалкам абгрунтаваны. Ён складаецца, па-першае, з сабекошту электраэнэргіі, па-другое, з кошту дастаўкі электрычнасьці у Беларусь, і, па-трэцяе, зь мінімальнага прыбытку самога РАТ “ЕЭС”. У мінулым месяцы расейская федэральная энэргакамісія павялічыла плату за транспарт электраэнэргіі. Адпаведна павялічыліся кошты яе продажу усім без выключэньня спажыўцам, у тым ліку і Беларусі.

Неафіцыйна камэнтуючы сытуацыю, прадстаўнік РАТ “ЕЭС” заявіў Свабодзе: “Вызначаючы кошты на электраэнэргію, мы арыентуемся не на палітыку, а на інтарэсы нашых акцыянэраў. Наўрадці акцыянэры РАТ “ЕЭС”, асабліва замежныя, ухваляляць продаж электраэнэргіі па коштах, якія прывядуць да фінансавых стратаў”.

Такім чынам, відавочна, што РАТ “ЕЭС” ня будзе прадаваць Беларусі электраэнэргію таньней, чым за 2 даляры 15 цэнтаў за кіляват. Страта Беларусі у якасьці рынку збыту ня вельмі адаб’ецца на эканамічных паказьніках канцэрну. Таму што, паводле словаў прадстаўнікоў РАТ “ЕЭС”, пастаўкі у Беларусь складаюць мізэрную частку усіх продажаў канцэрну.

Між тым расейскія эксперты упэўненыя, што беларускі бок адмаўляецца купляць электраэнэргію не з-за павышэньня коштаў, а з палітычных матываў, спрабуючы прадэманстраваць Маскве сваю незалежнасьць у энэргетычным пляне. Кіраўнік аналітычнага упраўленьня банку “Зенит” так пракамэнтаваў сытуацыю: “Палітыкі тут больш, чым эканомікі. Але для Лукашэнкі палітыка заўжды была на першым месцы”.