ЗА ДВОЕ СУТАК ВІРУС “МАЙДУМ” ПАРАЗІЎ СОТНІ ТЫСЯЧ КАМПУТАРАЎ

Юрась Бушлякоў, Прага

Чарвяк “Майдум” – так найчасьцей называюць гэты вірус – пачаў шырыцца ў сьвеце ў панядзелак. За двое сутак вірус паразіў сотні тысяч кампутараў з апэрацыйнай сыстэмаю “Майкрасофт Уіндаўз”. Кампутарны чарвяк прыходзіць у форме бяскрыўднага з выгляду дадатку да электроннага ліста. У прадметным радку небясьпечнага ліста можа быць звычайнае hello або паведамленьне пра якую памылку, напрыклад Mail transaction failedПаштовая апэрацыя не ўдалася. Як толькі карыстальнік раскрывае дадатак, чарвяк “Майдум” пачынае рассылацца на ўсе адрасы, якія ёсьць у базе кампутара. Апрача таго, вірус умее адчыняць “чорны ход” кампутараў, празь які ў іх могуць прабірацца гакеры.

Экспэрты цьвердзяць, што новы вірус быў створаны для і-мэйлавай атакі на сайт амэрыканскай кампутарнай фірмы SCO. Разьмешчаная ў штаце Юта фірма ўжо запрапанавала ўзнагароду – 250 тысяч даляраў – таму, хто дапаможа знайсьці стваральніка чарвяка. Кампанія SCO заяўляе, што валодае кодам, які выкарыстоўваецца ў апэрацыйнай сыстэме “Лінукс”. Такія заявы, як мяркуюцца, і падахвоцілі да распрацаваньня вірусу тых, хто выступае супраць абмежаваньняў на выкарыстаньне й разьвіцьцё “Лінуксу”.

Спэцыялісты ня здатныя пакуль што назваць больш-менш дакладную колькасьць паражаных кампутарных сыстэм. Сёньня зьявіліся нарэшце аптымістычныя прагнозы – спэцыялісты гавораць, што тэмпы пашырэньня новага вірусу зьнізяцца ў найбліжэйшыя два дні.