ЦІ ШМАТ АХВЯРАЎ КАМПУТАРНАГА ВІРУСУ NOVARG У БЕЛАРУСІ?

Юлія Шарова, Менск

Вірус Novarg ніякімі асаблівымі адметнасьцямі не вылучаецца, гаворыць тэхнічны дырэктар парталу TUT.by Даніла Рудэнка. Ягоная небясьпечнасьць у тым, наколькі масава ён распаўсюджваецца — як вядома, для ягонай рассылкі выкарыстаныя тэхналёгіі распаўсюду спаму. Напрыклад, звычайна ўдзень паштовая служба папулярнага беларускага парталу апрацоўвае прыкладна пяць лістоў за сэкунду. Цяпер колькасьць лістоў пераваліла ажно за трыццаць за сэкунду, пераважная большасьць якіх заражаныя. Паводле спадара Рудэнкі, аднак, ад новага вірусу пацярпеў вельмі малы адсотак карыстальнікаў.

(Рудэнка: ) “Мы своечасова зрабілі захады. Цяпер большасьць лістоў зь вірусам ігнаруецца. Але на сам TUT.by ідзе вельмі шмат спробаў адправіць гэты вірус. Прыблізна 20 лістоў за сэкунду з гэтым вірусам наш сэрвэр цяпер ігнаруе. То бок, вірус распаўсюджваецца дастаткова інтэнсіўна. Але, наколькі я ведаю, адсотак трапляньня вірусу ў скрыні ад агульнай колькасьці завірусаваных лістоў не перавышае аднаго адсотку. Мы дасягнулі такога паказьніка, і я мяркую, што канкрэтна нашыя карыстальнікі наўрад ці ўжо заразяцца”.

Пры гэтым Даніла Рудэнка кажа, што фільтраваць вірус Novarg складана: ён увесь час мадыфікуецца і звычайныя антывірусныя праграмы перад ім бездапаможныя. Між тым, да карыстальнікаў паштовай службы парталу сталі прыходзіць паведамленьні, быццам зь іхных скрыняў завірусаваныя лісты пайшлі на іншыя паштовыя адрасы. Мой суразмоўца патлумачыў гэта асаблівасьцю новага вірусу: ён умее падрабляць імя адпраўніка. Таму, калі на вашую скрыню прыйшло такое паведамленьне, але пры гэтым вы не распакавалі дадатку да заражанага ліста, ня варта думаць, быццам Novarg прабраўся і ў ваш кампутар.

Вірус атакуе ня толькі паштовую службу TUT.by. Ён даволі часта трапляе на службовыя скрыні, адрасы якіх ведаюць няшмат людзей. Як мяркуе спадар Рудэнка, гэта зьвязана з праблемамі ў працы правайдэраў, якія падтрымліваюць карпаратыўныя паштовыя скрыні. На ягоную думку, правайдэры, што працуюць на рынку даўно і абслугоўваюць болей за 500 карпаратыўных кліентаў, робяць дастатковыя захады, каб перакрыць доступ у скрыні лістоў з Novarg’ам.