НАВАПОЛАЦКІЯ ПЭНСІЯНЭРЫ АДМАЎЛЯЮЦЦА АПЛАЧВАЦЬ КАМУНАЛЬНЫЯ ПАСЛУГІ

Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

У лісьце, які падпісалі 85 чалавек і які, апрача кіраўніка дзяржавы, быў накіраваны ў гарадзкі выканаўчы камітэт ды гарадзкую газэту “Химик”, гаворыцца: “Мы, малазабясьпечаныя грамадзяне, жыхары дому №3 па вуліцы Алімпійскай, даводзім да ведама Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, што ад студзеня гэтага году адмаўляемся плаціць за камунальныя паслугі, а таксама за сьвятло й газ, бо іхны кошт наўпрост наблізіўся да велічыні нашых пэнсій”.

Паводле пэнсіянэраў, у іх, пасьля ўсіх выплатаў, на руках застаецца 40–50 тысяч рублёў, на якія немагчыма пражыць. Перш чым пісаць ліста кіраўніку дзяржавы, яны зьвярталіся ў рамонтна-эксплюатацыйны аддзел з просьбаю паставіць на ўлік лічыльнікі цяпла, якія пяць месяцаў таму ўсталявалі ў іхных кватэрах, а таксама да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Льва Наважылава з просьбаю ўзьняць у парлямэнце пытаньне павелічэньня грашовай субсыдыі па плаце за камунальныя паслугі, аднак звароты гэтыя не далі плёну.

Вось што сказала нам адна з аўтарак ліста, жыхарка дому №3 па вуліцы Алімпійскай Людміла Волкава:

(Волкава: ) “Нашыя пэнсіянэры атрымліваюць вельмі малыя пэнсіі, і плаціць за кватэры надта цяжка, бо памер квартплаты набліжаецца да памеру пэнсіяў. Таму хочам, каб кіраўніцтва гораду і прэзыдэнт Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка зьвярнулі на гэта сур’ёзную ўвагу. Я лічу, што гэтая праблема актуальная для ўсёй рэспублікі, і пытаньне трэба тэрмінова вырашаць. Гэтым і выкліканы наш зварот да прэзыдэнта”.

Згаданы дом знаходзіцца ў акрузе дэпутата мясцовага савету, сябра Беларускага Народнага Фронту Васіля Главацкіх.

(Главацкіх: ) “Гэта мая акруга, у дадзены момант сустракаюся з падпісантамі. Паспрабуем разам знайсьці нейкі выхад. Падобны ліст — гэта жэст адчаю. І праблема мае не мясцовы, а агульнадзяржаўны характар”.

У гэты чацьвер мае адбыцца пазачарговая сэсія Наваполацкага гарадзкога савету, і спадар Главацкіх зьбіраецца ўнесьці ў парадак дня пытаньне павелічэньня грашовай субсыдыі малазабясьпечаным грамадзянам. Аднак, па ягоных словах, дэпутаты ўсіх узроўняў дыстанцуюцца ад падобных праблемаў, і няма ўпэўненасьці, што пытаньне будзе разгледжанае.