У БЕЛАРУСЬ ПРЫЕХАЛІ ВАЙСКОВЫЯ ІНСПЭКТАРЫ З КРАІНАЎ НАТО

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сказка пра Кібальчыша, які аддаў жыцьцё за непарушнасьць вайсковай таямніцы, і Плахіша, які гэтую тайну прадаў за слоік сочыва, безнадзейна састарэла. Праўда, мала хто з цывільных грамадзянаў Беларусь пра гэта ведае. Дагэтуль у іхным уяўленьні месцазнаходжаньне пэўнай вайсковай часткі ці колькасьць танкаў у яе ангарах — велізарны сакрэт, завалодаць якім мараць патэнцыйныя ворагі. Між тым, былыя ворагі з краінаў НАТО гэтымі сакрэтамі даўно валодаюць, прычым не выкрадалі іх, а атрымалі наўпрост з рук беларускіх вайскоўцаў. І здрады ніякай не было.

Адпаведна зь Венскімі дамовамі аб замацаваньні даверу і бясьпекі ў Эўропе, яшчэ ў 1992 годзе адбыўся абмен зьвесткамі пра колькасьць, узбраеньне і дысьлякацыю войскаў. Гэтыя дамовы рэгулярна аднаўляюцца, і гэтак сама абнаўляецца база зьвестак. Згодна з апошняй дамовай 1999 году, у Беларусь штогоду прыяжджае тры групы інспэктараў, якія на свой выбар правяраюць адпаведнасьць заяўленых вайсковых зьвестак у пэўным раёне.

Учора ўвечары ў Менск прыехала такая група інспэктараў зь ліку вайскоўцаў Гішпаніі і Галяндыі, і сёньня яны ўжо пачнуць сваю праверку. Але куды яны паедуць, пакуль у Міністэрстве абароны ня ведаюць. Гэта будзе вядома толькі за некалькі хвілінаў да пачатку праверкі.

(Захаранка: ) “Усё глядзяць, усё. Вось ткнуць пальцам — гэта хачу глядзець, і туды едуць. Бо такія праверкі цалкам адктытыя, заснаваныя на даверы, і, я мяркую, гэта нядрэнна”, — паведаміў палкоўнік Леанід Захаранка, які кіруе прэсавай службай Міністэрства абароны.

Паводле палкоўніка Захаранкі, за 12 гадоў правядзеньня інспэкцыяў беларусам яшчэ ніколі не выказвалі прэтэнзіяў, што яны перадалі ў штаб-кватэру АБСЭ ў Вене недакладныя зьвесткі ці спрабавалі не дапусьціць праверкі на нейкім вайсковым аб’екце.

Дарэчы, прадстаўнікі беларускага вайска ў якасьці інспэктараў таксама ўдзельнічалі ў праверках краінаў НАТО. У прыватнасьці, правяралі войскі Польшчы і Нямеччыны і таксама адзначалі, што ад іх там не хавалі ніякай інфармацыі.