ГІПНОЗ У БЕЛАРУСІ

Сьвятлана Курс, Менск

Гіпнозам завецца стан зьмененай сьвядомасьці, або трансу, у які чалавек (суб’ект) уводзіцца іншым чалавекам (гіпнатызэрам) пры дапамозе ўнушэньня. Сьвядомасьць суб’екта часова адключаецца, зьнікаюць фільтры крытычнага мысьленьня, а каманды гіпнатызэра ўзьдзейнічаюць наўпрост на падсьвядомасьць. У стане трансу чалавек успрымае словы гіпнатызэра як уласныя прадуманыя рашэньні. У гэтым небясьпека гіпнозу — пагрозьлівай тэхнікі маніпуляваньня чалавекам. Гаворыць адзін з найлепшых беларускіх спэцыялістаў у галіне псыхатэрапіі, галоўны лекар Віцебскай наркалягічнай амбуляторыі Андрэй Цітоў.

(Цітоў: ) “Паводле статыстыкі, 10% насельніцтва ўспрымальныя вышэй за сярэдні ўзровень. Кожны дзясяты пры правільнай працы зь ім дасьць тое, што вы ад яго хочаце. Ён стане ў позу мосьціка (дасьць вам г.зв. “гістэрычную дугу”), дасьць вам самнамбулічныя перажываньні. Узяць просты стадыён — 5 тысяч чалавек. Спачатку праводзіцца проба на ўнушальнасьць: маўляў, сашчапіце пальцы рук — потым вы ня здолееце іх расшчапіць. З 5 тысяч знойдзецца як мінімум 250 асобаў, якія скажуць вам, што ня могуць расчапіць пальцы. Палова зь іх выйдзе на сцэну. За паўтары хвіліны мне хопіць, каб вызначыць кожнага дзясятага глыбока ўнушальнага. І гэтыя 10 чалавек будуць рабіць, што ты захочаш: парыцца венікам пад музыку, грэбці ўяўнымі вёсламі й г.д. А тыя, хто сядзіць вакол унушальных, будзе падпадаць пад унушэньне. І такіх людзей будзе рабіцца ўсё больш”.

Гіпноз вялікай аўдыторыі распаўсюджваецца хвалямі. А калі дэманстраваць сэанс масавага гіпнозу па тэлевізіі, аўдыторыя можа быць бясконцай. Гэта мы назіралі напачатку 1990-х гадоў на тэлесэансах Анатоля Кашпіроўскага. Спадар Цітоў — аднакашнік Кашпіроўскага па Харкаўскай школе гіпнозу.

(Цітоў: ) “Кашпіроўскі — дасьведчаны псыхатэрапеўт і псыхіятар. Але аўдыторыя, якая яго глядзела, не праходзіла першапачатковага адбору. Да прыкладу, хворы зь лятэнтнай шызафрэніяй глядзіць Кашпіроўскага. Гіпноз абвастрае цячэньне псыхічнага працэсу, і ў хворага наступае востры псыхоз”.

Адзін з прыкладаў унушэньня, які выкарыстоўваецца ў СМІ: дастаткова ў тэкст уставіць сказ “сучасная навука даказала, што…”, як давер аўдыторыі да інфармацыі шматкроць падвышаецца.

Інфармацыйны асяродак неадэкватны зь дзьвюх прычынаў. Першая: сьвет занадта складаны і працэс ягонага пазнаньня суправаджаецца памылкамі ды ілюзіямі. Другая прычына: людзі перасьледуюць уласныя мэты, скажаючы інфармацыю і ўжываючы гіпнатычныя мэтодыкі. Сучаснае разуменьне гіпнозу ўключае ўсё, што зьмяняе нашу сьвядомасьць і ўпрыняцьце. Гіпнатычныя зьявы сустракаюцца паўсюдна, не абавязкова суправаджаючыся трансам.

Унікальнымі гіпнатычнымі здольнасьцямі вылучаюцца многія дыктатары. Яны заварожваюць цэлыя народы. Рэкорд належыць Фідэлю Кастра, які шэсьць гадзінаў прамаўляе перад зачараваным шматтысячным натоўпам. Гэта адзін з сакрэтаў доўгажыхарства ягонага рэжыму. Яшчэ большую моц маюць тэлевыступы гіпнатычнай асобы.

Доктар Цітоў апісвае асобу гіпнатызэра:

(Цітоў: ) “Трэба быць сьмелым чалавекам, сур’ёзным прафэсіяналам і нямала практыкавацца. Мець аўтарытарнасьць, адсутнасьць страху перад аўдыторыяй, кураж. Ахоп аўдыторыі тэлевізарам дасягае такіх памераў, што тут нічога немагчымага няма. Гіпноз — рэальная рэч, і ён дзейнічае. Калі я ехаў у электрычцы, я рабіў так, каб мяне абміналі кантралёры. Можна падысьці да касы ў банку й зрабіць так, каб табе выдалі сумку грошай. І пасьля гэтага касір забудзе пра тое, што ён зрабіў. То бок унушаная амнэзія — адзін з псыхадынамічных спосабаў гіпнатычнага ўнушэньня”.

Гіпнатызэр дамагаецца аўтарытэту ў вачох гіпнатызаванага. Гэта можа быць аўтарытэт, заснаваны на страху. Наапрыклад, кліенты цыганак — у асноўным кабеты, якія вераць у злое вока, якое можа сурочыць.

Супрацоўнік прэс-службы ГУУС Менгарвыканкаму спадар Гарабко кажа, што ў сталічную міліцыю паступае за год 20–30 скаргаў на тое, што цыганкі ўвялі чалавека ў транс і абабралі.

(Гарабко: ) “20–30 выпадкаў за год бывае. Бабулю аббяруць ці маладую жанчыну. Мужчын, бадай што, ані разу й не было”.

(Карэспандэнтка: ) “Сцэнар злачынства які?”

(Гарабко: ) “Як калі. То на вуліцы абрабуюць, варожаць, а то пацярпелыя нават дадому іх вядуць і дома ўсё аддаюць, а потым ня могуць растлумачыць, як гэта адбылося. Апошні выпадак — тысячу даляраў, ня лічачы золата, ланцужкоў. І злачынства цяжка даказаць. Цыганкі кажуць: яна мне сама ўсё аддала”.

Жанчыны й падлеткі часьцей падпадаюць пад злачынны гіпноз з прычыны сваёй унушальнасьці.

(Цітоў: ) “Падлеткі найбольш успрымальныя. Жанчыны — гэтаксама. Але я сустракаў выпадкі, калі гіпнатызавалі і мужчынаў”.

Адваротны прыклад выкарыстаньня гіпнозу — аўстралійскія й швайцарскія судзьдзі падчас працэсу ўводзяць падазраванага ў транс і выпытваюць падрабязнасьці злачынства. У нас пакуль афіцыйна не карыстаюцца такімі прыёмамі, паведаміў спадар Гарабко.

(Гарабко: ) “Афіцыйна не”.

Група навукоўцаў з кракаўскага Інстытуту судовай экспэртызы прэзэнтавалі нядаўна грунтоўную працу “Крымінальны гіпноз”, у якой даказваюць вартасьць такой практыкі. Яны паведамляюць, што за апошнія 15 год падчас сотні судовых працэсаў прымяняўся крымінальны гіпноз, які даў неверагодныя вынікі.

З пэўных крыніцаў вядома, што МУС Расеі вывучае магчымасьць выкарыстаньня гіпнозу падчас сьледзтва. У 2001 годзе ў Санкт-Пецярбургу пры ўдзеле Ўнівэрсытэту МУС Расеі выйшаў двухтомнік “Крымінальны гіпноз”.

Але найлепшае выкарыстаньне гіпнозу — лекарскі кабінэт, дзе псыхатэрапэўт сам-насам з пацыентам. З дапамогаю гіпнозу лечаць нэўрозы, псыхозы, дэпрэсіі, сардэчна-сасудзістыя хваробы, астму, язвы й каліты — усе хваробы, якія, як кажуць у народзе, “ад нэрваў”. Усясьветная мэдычная практыка ведае прыклады, калі гіпноз выкарыстоўвалі для лячэньня раку. Але варта памятаць, што гіпноз ёсьць толькі элемэнтам лячэбнага комплексу.

Надаецца гіпноз для лячэньня нарка- і алькаголезалежных людзей. У Менскім наркалягічным дыспансэры мне распавялі, што найлепшым у сталіцы спэцыялістам па вылячэньні залежнасьцяў зьяўляецца Любоў Міхайлаўна, якая мае прыватную практыку ў адным з мэдцэнтраў. Яна распавядае пра мэтодыку лячэньня:

(Любоў Міхайлаўна: ) “Мы абавязкова яго кладзем у стацыянар. Там яго кладуць пад кропельніцу да 15 сутак, бо да 15 сутак сьляды алькаголя ў крыві. Другі этап — фармаваньне агіды да алькаголю. І тут уваходзіць у гульню псыхатэрапія й іголкатэрапія. І так некалькі курсаў”.

У менскіх мэдцэнтрах ужываецца як традыцыйны гіпноз, гэтак і гіпноз Эрыксана. Мілтан Эрыксан, заснавальнік адной са школаў сучаснага гіпнозу, быў амаль цалкам паралізаваны чалавек. Тым дзіўнейшая была ягоная ўлада над людзьмі. Ён практыкаваў ня толькі гіпноз, але й NLP — нэйралінгвістычнае праграмаваньне. Пабудаваўшы ланцужок зь некалькі сказаў, можна выйсьці на грань сьведамага й нясьведамага ў гіпнатызаванага. Мілтану было дастаткова сказаць некалькі словаў, і чалавек цалкам падпадаў пад ягоную волю. Такім чынам ён, бы некалі Хрыстос, лекаваў псыхічна хворых.

З дапамогай гіпнозу можна дакрануцца да Бога, — пра гэта гаворыць ужо ня толькі “жоўтая” прэса, але й сур’ёзныя спэцыялісты:

(Цітоў: ) “Праходжваньне па тунэлі, дачыненьні з навышэйшымі істотамі, голас найвышэйшай існасьці, які прымаюць за голас Бога, уцягваньне ў трубу — з гэтымі рэчамі колькі заўгодна сутыкаесься. Гэта ж усё на ўзроўні сур’ёзнай літаратуры апісана. Той жа Станіслаў Гроф, клясыфікаваўшы відзежы й перажываньні пацыентаў у стане зьмененай сьвядомасьці, прыйшоў да высновы, што парадыгма сьвету, якая створаная людзьмі, не зусім правільная. Мы стаім на парозе стварэньня новай парадыгмы”.

Я запытала доктара, ці ён падчас самагіпнозу кранаўся найвышэйшых сутнасьцяў:

(Цітоў: ) “Так, можаце сказаць, што кранаўся”.

Паводле адной з тэорыяў, патрэба ў трансах ёсьць асноўнай жыцьцёвай патрэбай чалавека. Сам гэтага не ўсьведамляючы, чалавек жыве ад аднаго пазытыўнага трансу да другога. Менавіта такія станы ён успрымае як незабыўныя імгненьні дасканалага шчасьця й паразуменьня з цэлым сьветам. У станах імгненнага трансу японцы пішуць свае хоку. Адзін раз пабываўшы ў такім стане, чалавек усімі сіламі душы імкнецца дасягнуць яго зноў. Часам неўсьвядомлена, часам “нізкімі” спосабамі — алькаголем, наркотыкамі, рызыкоўнымі паводзінамі. “Магчыма, гэтым тлумачыцца павальнае п’янства і хамства ў сумных, несвабодных краінах”, — кажа псыхатэрапэўт Хрысьціна Сухотка.