Яшчэ шэсьць месяцаў таму кіраўніцтва Эўразьвязу вырашыла пакінуць краіны Каўказу па-за межамі праграмы “Шырэйшая Эўропа”. Аднак на ўчорашняй сустрэчы ў Брусэлі міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу паказалі, што ранейшае рашэньне могуць зьмяніць. Міністры даручылі Эўрапейскай камісіі і каардынатару Эўразьвязу ў замежнай палітыцы Хавіеру Саляну разгледзець магчымасьці далучыць да праграмы Армэнію, Азэрбайджан і Грузію. Рэкамэндацыі ў гэтым пытаньні маюць падрыхтаваць да траўня, што для эўрапейскіх структураў вельмі кароткі тэрмін.
Пакуль што кіраўніцтва Эўразьвязу адмаўляецца камэнтаваць, які ўзровень супрацоўніцтва можа быць з каўкаскімі краінамі. Адзін з дыпляматаў сказаў радыё Свабода, што Эўразьвяз сьвядома праводзіць палітыку “нявызначанасьці”, каб мець больш прасторы для манэўру.
Цяперашняя зьмена стаўленьня да краінаў Каўказу відавочна выкліканая лістападаўскай “рэвалюцыяй ружаў” у Грузіі. Да таго часу кіраўніцтва Эўразьвязу называла гэты рэгіён занадта аддаленым і казала, што далучэньне Каўказу да праграмы “Шырэйшая Эўропа” магчыма толькі пасьля таго, як чальцом Эўразьвязу стане Турэччына. Таму для Каўказу шмат будзе залежаць ад таго, наколькі пасьпяхова новае грузінскае кіраўніцтва справіцца з праблемамі краіны.
Сярод суседзяў пашыранага Эўразьвязу ёсьць некалькі групаў, чые шанцы далучыцца да зьвязу вельмі адрозьніваюцца. З аднаго боку, кіраўніцтва Эўразьвязу гарантавала заходнебалканскім краінам пэрспэктывы далучэньня, як толькі тыя выканаюць патрэбныя умовы. Зь іншага боку, Эўразьвяз адкрыта гаворыць пра немагчымасьць далучэньня для краінаў паўдзённага Міжземнамор’я.
Паміж гэтымі дзьвюма групамі ёсьць шэраг краінаў, сярод якіх і Беларусь. Ім у пэрспэктыве абяцаюць доступ да ўнутраных рынкаў Эўразьвязу, свабодны рух тавараў, капіталу і паслугаў, і ўрэшце свабодныя падарожжы для грамадзянаў.
Некаторыя краіны, такія як Украіна і Малдова, якія выказалі зацікаўленасьць стаць чальцамі Эўразьвязу, атрымалі сыгналы, што дзьверы для іх не зачыненыя. Аднак у любым выпадку іхнае чальцоўства – гэта справа далёкай будучыні.
У справе далучэньня да Эўразьвязу шмат будзе залежаць ад вынікаў дыскусіі аб тым, дзе палягаюць межы Эўропы. Артыкул 49 цяперашняй Дамовы аб Эўрапейскім зьвязе гаворыць, што “ніводнай эўрапейскай краіне” нельга адмовіць у праве далучыцца да Эўразьвязу, калі тая выканае адпаведныя патрабаваньні.