“Комунар Магілеўшчыны”, 1934 год. Даклад сакратара КП(б)Б В.Шаранговіча на 15 зьезьдзе кампартыі Беларусі:
“У апошні час (актывізавалася) контаррэвалюцыйная арганізацыя кіраўнікоў так званы Беларускі Нацыянальны Цэнтар (БНЦ), ядром якой былі перакінутыя замежнай контарразьведкай пад выглядам прасьледваемых рэвалюцыйных дзеячаў такія людзі, як Рак-Міхайлоўскі, Валошын, Капуцкі, Мятла, Гаўрылюк, Дварчанін і інш. Гэтыя “дзеячы” яшчэ раней прымалі ўдзел у якасьці правакатараў у нацыянальна-рэвалюцыйным руху ў Заходняй Беларусі. Контаррэвалюцыянэры з БНЦ аб’ядналіся з такімі мацёрымі нацыянал-фашыстамі, як Луцкевіч, Астроўскі і інш. — у Польшчы, Езавітаў, Пігулеўскі, Варонка — у Латвіі, Якавюк — у Літве”.
“Беларуская крыніца”, 1934 год:
“Адказ на гэтае пытаньне просты: хочам, каб Царква перастала быць асяродкам дэнацыяналізацыі нашага народу і была, згодна свайму назначэньню, школай хрысьціянскіх ідэалаў і жыцьця… Да сяньня няма яшчэ ніякае беларускай праваслаўнай рэлігійнай літэратуры для праваслаўнага беларуса. Да сяньня справа беларусізацыі царкоўнага жыцьця позытыўна ня вырашана; спосаб адношаньня да гэтай справы больш чым непаважны. На ўкраінскіх землях прадбачыцца ўкраінізацыя Царквы (украінізацыя багаслужэньня, правячы епіскап, украінскі склад кансысторыяў і г.д.), а на нашы землі прызначаюцца (згодна з прэсавымі весткамі) архіепіскап Панцелейман і епіскап Сымон, абодва ведамыя расейцы”.
“Звязда”, 1984 год:
“Жывёлаводы калгасу імя Ўльянава Менскага раёну імкнуцца расходаваць кармы з максымальным эфэктам. Дзякуючы распрацоўцы навукова абгрунтаваных рацыёнаў кармленьня сьвіней на комплексе, дзе іх утрымліваецца 18 тысячаў, расход фуражу на адзінку прывагі зьменшыўся на 0,85 кармавой адзінкі. За 20 дзён студзеня гэта дазволіла зэканоміць 1279 цэнтнэраў кармавых адзінак і атрымаць дадаткова 22 тоны мяса. Сярэднесутачная прывага кормнікаў павялічылася на 18 грамаў”.