Суполка калінінградзкіх беларусаў “Каралявец” ужо некалькі гадоў намагаецца паставіць у гэтым балтыйскім горадзе помнік усходнеславянскаму першадрукару. Усе неабходныя арганізацыйныя моманты з тамтэйшымі ўладамі палагоджаныя. Засталіся фінансавыя, станоўча вырашыць якія грамадзкая арганізацыя ня мае мажлівасьці. Сёлета калінінградзкія беларусы спадзяюцца на дапамогу беларускага ўраду. Гаворыць старшыня згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская:
(Макоўская: ) “Гаворка ішла пра тое, каб беларуская дзяржава выкупіла гэты помнік у мастака, а ўлады гораду Калінінграда, са свайго боку, гатовыя прадставіць месца, устанавіць помнік і ўпарадкаваць тэрыторыю вакол яго”.
Яшчэ адзін доказ пашаны расейскага боку да выдатных дзеячаў беларускае культуры можа зьявіцца ў Маскве, дзе ўжо шмат часу вядзецца гаворка пра ўсталяваньне помніка Янку Купалу. Пра гэты намер заяўлена ў праграме гадавых імпрэзаў. Папярэдняя спроба маскоўскае суполкі беларусаў усталяваць там помнік песьняру нацыянальнага адраджэньня да ягонага 120-годзьдзя скончылася беспасьпяхова менавіта з-за пазыцыі беларускіх уладаў, таму спн. Макоўская няпэўная і адносна сёлетніх намераў.
(Макоўская: ) “Мы спадзяемся, што зараз, дзякуючы таму, што гэты год – год беларускае культуры ў Расеі, гэта адбудзецца. Але тут нам цяжка адказаць, хто ж зараз ініцыюе ўстаноўку гэтага помніка. І цяжка сказаць, ці будзем мы запрошаныя да нейкага ўдзелу ў гэтым”.
Наагул жа суполкі беларускае дыяспары маюць вялікія спадзевы на гэты год, цягам якога яны змогуць пачуць і пабачыць многія вядомыя калектывы культуры з Бацькаўшчыны: Дзяржаўны канцэртны аркестар пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, ансамблі “Песьняры” і “Беларускія песьняры”, дуэт Паплаўская-Ціхановіч і іншыя, гастролі якіх заплянаваныя па ўсіх расейскіх рэгіёнах. Але беларусы Расеі хочуць быць у афіцыйнай гадавой культурніцкай праграме ня толькі пасіўнымі гледачамі, зазначае спн. Макоўская:
(Макоўская: ) “Па-першае, яны спадзяюцца правесьці свае мерапрыемствы пры дапамозе праграмаў гэтага году і вялікае ўвагі да Беларусі ў гэтым годзе. І адначасова яны спадзяюцца паўдзельнічаць у мерапрыемствах, якія будуць ладзіцца на ўзроўні адміністрацыяў рэгіёнаў”.
Хто зьяўляецца ініцыятарам правядзеньня году беларускае культуры ў Расеі і ці заплянавалі арганізатары фінансаваньне культурніцкіх імпрэзаў суполак беларускае дыяспары ў афіцыйнай праграме, нам даведацца не ўдалося. Адзін зь беларускіх кааардынатараў праграмы, першы намесьнік міністра культуры Ўладзімер Рылатка быў з намі нешматслоўны:
(Рылатка: ) “Ну як гэта – адзін бок ініцыятар? Усе арганізуюць, і беларускі, і расейскі бакі. І ініцыятары абое…”