ДЭПУТАТА РАЙСАВЕТУ АД АПАЗЫЦЫЙНАЙ ПАРТЫІ КАМУНІСТАЎ СКАРАЦІЛІ НА ПРАЦЫ

Сяргей А страўцоў, Горадня

Аляксандру Пудаўкіну 38 гадоў, пяць апошніх ён у складзе партыі камуністаў. Жыве дэпутат у вёсцы Луна, дзе працаваў землеўпараднікам ад райвыканкаму. Дэпутаты райсавету лёгка згадзіліся даць дазвол на ягонае звальненьне, супраць быў толькі Алесь Зарэмбюк, дарэчы – адзін зь лідэраў новай кааліцыі “Маладая Беларусь”.

(Зарэмбюк: ) “У нашым савеце яшчэ ёсьць дэпутаты ад Партыі камуністаў беларускай, але гэты чалавек вельмі не падобны на іншых дэпутатаў-камуністаў. Ён заўсёды актыўны, ён заўсёды задае балючыя, хвалюючыя пытаньні”.

Беспрацоўны дэпутат сказаў мне па тэлефоне, што на апошняй сэсіі 16 студзеня начальства яго заспакоіла: маўляў, будзеш паўгоду атрымліваць дапамогу, а потым якая-небудзь праца знойдзецца.

(Пудаўкін: ) “Я адразу вам скажу, што гэта чыста палітычны заказ. Паколькі мы разам з жыхарамі вельмі актыўна адстойваем свае інтарэсы”.

Аляксандар Пудаўкін у лістападзе дамогся, каб не закрылі Луненскі шпіталь, на якім раённыя ўлады вырашылі сэканоміць. У 28 вёсках свае подпісы пад пратэстам супраць закрыцьця шпіталя паставілі больш за адну тысячу жыхароў. Пра гэта дэпутат напісаў у артыкуле “Шпіталь вымагае абароны” ў партыйнай газэце “Товарищ”. Паводле дэпутата, гэты артыкул не спадабаўся старшыні райвыканкаму.

Старшыня раённага савету Георгі Каробка адмаўляе палітычныя матывы звальненьня Аляксандра Пудаўкіна:

(Каробка: ) “Тут абсалютна ніякіх палітычных матываў няма, таму што ў нас ад партыі камуністаў чатыры ці пяць чалавек у раённым савеце. Гэта проста чыстая выпадковасьць, што служба рэфармуецца, у якой ён быў пры сельскім савеце”.

Сп. Каробка сказаў мне, што паедзе сёньня ў Луна на сэсію сельсавету, дэпутатам якога таксама адначасова зьяўляецца Аляксандар Пудаўкін. Георгі Каробка сказаў таксама, што на месцы паспрабуе працаўладкаваць сп. Пудаўкіна.