Паводле беларускіх адмыслоўцаў, штогод на 15% павялічваецца колькасьць наркаманаў у Беларусі. Афіцыйна прызнана, што наркаманаў у Беларусі ўжо больш за 10 тысячаў, а паводле неафіцыйных дадзеных, больш за 50 тысячаў беларусаў ужываюць наркотыкі. Але растуць паказчыкі ня толькі ўжываньня, але і транзыту наркотыкаў – у міліцэйскіх справаздачах ледзь не штомесяц зьяўляюцца дадзеныя пра затрыманьні наркакур’ераў, у рэкардсмэнах паводле вагі канфіскаваных наркатычных рэчываў ужо фігуруюць партыі ня на сотні грамаў, як яшчэ пару гадоў таму, а на некалькі кіляграмаў наркатычнай атруты. Вось і міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў на прэсавай кафэрэнцыі на мінулым тыдні мусіў прызнаць, што міжнародная мафія трывала выкарыстоўвае Беларусь як калідор для транспартыроўкі наркотыкаў. Прычым гэтыя маршруты празь Беларусь ідуць ужо ня толькі з усходу ў Эўропу, але і ў Амэрыку ды іншыя куткі сьвету. Ці гатовыя беларускія міліцыянты і адмысловыя службы змагацца з гэтай навалай?
У ААН палічылі, што Беларусі патрэбная дапамога, і даслалі сюды першую групу экспэртаў у справе барацьбы з наркотыкамі і злачыннасьцю. Ад сёньня гэтая група будзе працаваць ў Беларусі цягам трох дзён, каб вызначыцца з тым, у чым трэба дапамагчы беларусам, што яны мусяць падкарэктаваць самі. У Міністэрстве ўнутраных справаў мэты візыту аанаўскіх экспэртаў вызначаюць наступным чынам. Гаворыць супрацоўнік прэсавай службы МУС Віктар Новікаў:
(Новікаў: ) “Плянуецца распрацоўка праектаў, якія накіраваныя на ўдасканаленьне заканадаўчай базы, арганізацыйна-структурныя рэформы, а таксама падрыхтоўку кадраў і тэхнічную падтрымку. Дарэчы, падобныя праграмы ў Расеі ўжо рэалізуюць”.
Паводле маіх зьвестак, аанаўскія экспэрты таксама наведаюць тры лябараторыі па экспэртызе наркотыкаў, якія дзейнічаюць у Беларусі – гэта лябараторыі ў Міністэрстве аховы здароўя, у галоўным міліцэйскім ведамстве і мытным камітэце. Магмыма, ім будзе аказаная фінансавая дапамога для больш эфэктыўнага правядзеньня экспэртызаў. Ва ўсялякім разе, беларускія міліцыянты на гэта спадзяюцца. А вось аанаўскія экспэрты, наколькі вядома з пэўных крыніцаў, вельмі хацелі б азнаёміцца з тым, як беларусы змагаюцца з наркакур’ерамі. Хоць беларускія спэцслужбы часта рапартуюць пра перамогі на гэтым фронце, але на захадзе наркотыкаў, якія дастаўленыя празь Беларусь, усё больш. Магчыма, экспэрты дадуць пэўныя падказкі, як змагацца з наркатрафікам зь лепшым вынікам.