МІХАСЬ ЛЯВОНЧЫК І ПАВАЛ ШАМШУРА: НЕПАЎТОРНЫ ДУЭТ

Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Сёньня мы сустракаемся зь незвычайнымі музыкантамі. Незвычайнасьць гэтая тлумачыцца, прынамсі, двума момантамі. Па-першае, сам факт аб’яднаньня ў дуэце двух інструмэнтаў — клясычнай гітары і беларускіх цымбалаў — безумоўна, прыцягвае вялікую ўвагу. Па-другое, абодва гэтыя музыканты, чый выканальніцкі ўзровень не выклікае ніякіх сумненьняў, у Менску аказаліся, можна сказаць, выпадкова. Цымбаліст Міхась Лявончык, патомны музыкант, вучыцца цяпер у Нямеччыне. Туды ж неўзабаве і таксама на далейшае навучаньне ад’яжджае і гітарыст Павал Шамшура.

Упершыню гэты дуэт я пачуў на гомельскім фэстывалі “Рэнэсанс гітары”. І ведаеце, што выконвалі музыканты? Чатырохчасткавую кампазыцыю славутага Астара П’яцолы “Гісторыя танга”. Гісторыя ўсясьветнай музыкі напэўна ня ведала падобнай зьявы, каб музыка агульнавядомага аўтара танга выконвалася на цымбалах. Цяпер гэтая п’еса запісаная. На шчасьце. Кажу “на шчасьце”, бо мяне асабіста надзвычай хвалюе вось якая праблема: а ці зможам мы калі наогул пачуць гэтых музыкантаў у будучыні на радзіме? Ад’езд нашых музыкантаў за мяжу набывае ўсё большыя маштабы. З гэтага пытаньня я і хацеў бы пачаць гутарку зь Міхалам Лявончыкам і Паўлам Шамшурам, якіх шчыра вітаю ў студыі Радыё Свабода. Ці здолеем мы хоць калі пачуць ваш дуэт у Беларусі? Што вы будзеце рабіць пасьля таго, як скончыце навучаньне ў Нямеччыне?”

(Міхал Лявончык: ) “Наш дуэт можна будзе пачуць яшчэ ў Беларусі. Напэўна, у красавіку мы сыграем тут канцэрт. Што мы будзем рабіць пасьля навучаньня ў Нямеччыне — гэта даволі цяжкае пытаньне і аддаленая пэрспэктыва. Будзем шукаць тых пэрспэктываў”.

(Падбярэскі: ) “Міхал! Я шчыра зьдзівіўся, калі даведаўся, што ты вучысься ў Мюнхэне ў славутага ў мінулым савецкага джазавага піяніста Леаніда Чыжыка. Дык што ж гэта значыць: мы будзем мець неўзабаве джазавыя цымбалы ці як?”

(Лявончык: ) “Я не хачу сказаць, што мы іх ужо маем, але для мяне цяпер значна прасьцей — імправізаваць на цымбалах, а таксама на фартэпіяна. Наогул, я цяпер іграю шмат свабадней”.

(Падбярэскі: ) “Павал! А якія задачы ты перад сабой ставіш?”

(Павал Шамшура: ) “Перад сабой я стаўлю таксама задачу пашырыць свой далягляд. Гэта найперш, і гітарны — таксама. Таму што, напрыклад, цяпер мой пэдагог у Мюнхэне Сюзана Шопа, якая скончыла Парыскую кансэрваторыю ў свой час у клясе славутага гітарыста Альбэрта Понса. Я спадзяюся на тое, што мне пашчасьціла”.

(Падбярэскі: ) “Вы мне растлумачце вось што. Ян Скрыган зьехаў у Нямеччыну вучыцца, ды ня ён адзін. Але ж гітарная школа Беларусі мае трывалы аўтарытэт. Што ёсьць у Нямеччыне з таго, чаго ў нас няма?”

(Шамшура: ) “Я лічу, ёсьць больш трывалыя традыцыі, чым у нас. У Беларусі, у Менску гітарная школа, афіцыйная гітарная школа, распачалася ў пачатку 1970-х гадоў, але ў Нямеччыне яна існуе ўжо стагодзьдзямі, гэта наладжаны такі камбінат. Канечне, у нас ёсьць таленавітыя выканаўцы, таленавітыя пэдагогі, але патрэбны яшчэ час, каб набыць сапраўдную школу, беларускую гітарную школу. І традыцыі таксама”.

(Лявончык: ) “У Мюнхэне кожны дзень адбываецца сотня канцэртаў, у любым маленькім горадзе практычна кожны дзень ёсьць касьцёл, у якім адбываецца які-небудзь канцэрт. Нават з гледзішча музычнай інфармацыі — гэта вельмі карысна”.

(Падбярэскі: ) “Трэба думаць, што там вам, як студэнтам, ёсьць значна больш магчымасьцяў ня толькі вучыцца тэорыі, але і практыкай займацца?”

(Лявончык: ) “Так! Але даволі цяжка там знайсьці канцэрт, таму што рынак наогул перанасычаны, музыкантаў вельмі шмат, але, на мой погляд, калі мець нешта такое адметнае, то можна арганізаваць выступ”.

(Падбярэскі: ) “Адметнае ты, Міхась, маеш на ўвазе рэпэртуар…”

(Лявончык: ) “Рэпэртуар, а таксама інструмэнт. Напрыклад, zum beischpiel, цымбалы і гітара… Чаму цымбалы і гітара гэтак добра, на мой погляд, слухаюцца разам? Гэта інструмэнты ціхія абодва, хоць цымбалы — усе сьмяюцца — ня надта ціхія, але гэта ўжо як іграць. Прырода аднолькавая ў інструмэнтаў, і можна дабівацца такога піяна, напрыклад, якога з фартэпіяна — а цымбалы ў большасьці выпадкаў іграюць з фартэпіяна — дасягнуць вельмі цяжка. Такія тонкія матэрыі можна падымаць”.

(Падбярэскі: ) “Дарэчы, які-небудзь папярэдні аналяг вашаму дуэту быў у Беларусі ці не?”

(Лявончык: ) “Мой бацька таксама цымбаліст. Яны ігралі з гітарай, але гэта было інакш, таму што гітара выконвала больш акампануючую ролю ў гэтым дуэце. Мы ж на роўных, нашыя інструмэнты раўнапраўныя, такі камэрны ансамбль”.

(Падбярэскі: ) “Вы наогул выпадкова сустрэліся ці гэта было сьвядомае рашэньне?”

(Шамшура: ) “Мы ўжо больш за восем гадоў сябруем. І аднойчы проста вырашылі разам паіграць. Гэта было пасьля аднаго конкурсу, калі я зрабіўся ляўрэатам у Польшчы, у горадзе Крыніца, а ў Мішы набліжаўся сольны канцэрт, і мы вырашылі сыграць два нумары са славутай сюіты П’яцолы “Гісторыя танга”. Так і па сёньняшні дзень выступаем разам”.

(Падбярэскі: ) “Я, прызнацца, ня вельмі добра ведаю, для якіх інструмэнтаў Астар П’яцола пісаў сваю “Гісторыю танга”. Але ж пэўна ў разьліку не на цымбалы!”

(Шамшура: ) “Астар П’яцола напісаў гэты твор для флейты і гітары. Партыя флейты перакладаецца вельмі лёгка на цымбалы, а Міша плюс яшчэ да гэтага яе ўскладніў сваімі імправізацыямі”.

(Падбярэскі: ) “Значыць, вы ўсё ж такі так строга арыгіналу не трымаецеся…”

(Лявончык: ) “У большасьці момантаў трымаемся, аднак маюцца і эпізоды, калі мы імправізуем”.

(Падбярэскі: ) “Пытаньне па-за тактам. Музыку П’яцолы вы абралі таму, што гэта модны цяпер аўтар?”

(Лявончык: ) “Я бы так сказаў, мы абралі яе таму, што ён модны ня проста так. Ён вельмі таленавіты кампазытар, ён знайшоў нешта сваё, уласныя інтанацыі, якія непаўторныя, хоць многія цяпер спрабуюць пісаць нешта падобнае, але тады ўсе адразу кажуць: “Ну, гэта ж П’яцола!” П’яцола быў першы наватар. Нешта ёсьць у яго адметнае, і гэтая музыка падабаецца амаль усім”.

(Падбярэскі: ) “Усё-ткі ўплыў моды, значыць, ёсьць…”

(Шамшура: ) “Мода — гэта адносны ў нашым выпадку фактар. Яна мяняецца, а П’яцола ўжо даўно папулярны”.

(Падбярэскі: ) “А П’яцола застаецца…”

(Лявончык: ) “Яго раней амаль не выконвалі. У асноўным ён выконваў сам сваю музыку. Але вось калі ён скончыў сваё жыцьцё, пасьля 1992 году ягоную музыку рэзка пачалі ўсе выконваць”.

(Падбярэскі: ) “Ці выступалі вы гэтым дуэтам па-за межамі Беларусі? Як слухачы рэагавалі на такі ансамбль?”

(Лявончык: ) “Выступалі. Напрыклад, у Польшчы, Нямеччыне. Мы спрабуем іграць ціха. Цымбалы ўсё больш гучны інструмэнт, а я неаднакроць заўважаў, што менавіта ціхае такое выкананьне, піяна, слухача прываблівае і прымушае прыслухацца”.

(Падбярэскі: ) “Паколькі вы абодва вучыцеся ў Нямеччыне, ня выключана, напэўна, што і там вы будзеце выступаць разам ці ўжо выступалі, як вы сказалі. У такім выпадку якія творы вы плянуеце ўвасобіць?”

(Шамшура: ) “У нас ужо ёсьць у рэпэртуары, акрамя П’яцолы, напрыклад, п’еса францускага клявэсініста Люі Дакэна “Зязюля”, ёсьць таксама творы Габрыэля Фарэ — гэта таксама францускі кампазытар, ён пісаў пераважна для флейты (“Павана”). А так пашыраць свой рэпэртуар мы, канечне ж, плянуем і надалей”.

(Падбярэскі: ) “Так, аднак калі ёсьць цымбалы, дык што ж з творамі беларускіх аўтараў?”

(Шамшура: ) “Трэба, каб яны пісалі”.

(Лявончык: ) “Я баюся сьцьвярджаць, але для цымбалаў і гітары такіх твораў у нас мала. Пакуль што амаль ніхто ў разьліку на такі дуэт у нас не працуе”.

(Падбярэскі: ) “Значыць, трэба рабіць усё, каб вы былі больш вядомыя і каб на вас пачалі працаваць кампазытары. Што ж... Я хачу пажадаць вам пасьпяховага навучаньня за мяжой, а нашым слухачам — магчымасьці як мага хутчэй пачуць гэты віртуёзны, надзвычай цікавы дуэт на радзіме. Вы сказалі, што канцэрт мае адбыцца ў красавіку. Будзем, значыць, чакаць красавіка, каб атрымаць магчымасьць жыўцом паслухаць вас, узбагачаных вопытам навучаньня за мяжою і паглядзець, як вы працуеце, што вы набылі ў Нямеччыне”.

(Лявончык: ) “Мы вас абавязкова запросім!”

(Падбярэскі: ) “Ня толькі мяне, але…”

(Шамшура: ) “Але і ўсіх слухачоў Радыё Свабода!”