2 ТЫСЯЧЫ ДАЛЯРАЎ ЗА ПОДПІС

Любоў Лунёва, Менск

Судзьдзя Аксана Рэлява разглядала адміністрацыйны пратакол на Аксану Новікаву. Міліцыянты абвінавачвалі яе ў арганізацыі моладзевай акцыі, прысьвечанай гадавіне рэфэрэндуму 1996 году, якая адбылася летась 24 лістапада. Нагадаем, Аксана ў той дзень прыйшла на плошчу, і яе адразу затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Паколькі яе подпіс стаяў сярод іншых пад заявай у Менгарвыканкам, яе палічылі адным з арганізатараў несанкцыянаванай акцыі. Аксану затрымалі і адвезьлі ў пастарунак. Паколькі ў яе малое дзіця, ёй уручылі позву і адпусьцілі, астатніх затрыманых адвезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік. Аксана ў суд не прыйшла і таму толькі празь месяц атрымала новую позву.

На судзе Аксана Новікава заявіла адвод судзьдзі, матывуючы гэта тым, што не прызнае правамоцнымі судзьдзяў, якіх прызначае на пасады Лукашэнка. Пасьля таго як судзьдзя паведаміла, што адводу ня будзе, Аксана адмовілася адказваць на пытаньні судзьдзі і ўставаць перад ёй. Судзьдзя дапытала сьведку з боку міліцыі, які ня здолеў даць ніводнага пэўнага адказу — ня памятаў нават, калі затрымаў і за што. Другі сьведка ў суд увогуле не прыйшоў, і судзьдзя зачытала ягоны рапарт.

Пасьля невялікага перапынку судзьдзя Аксана Рэлява зачытала прысуд — штраф 4 375 000 рублёў (гэта каля двух тысяч даляраў). Вось што на гэты конт сказала сама Аксана Новікава Радыё Свабода:

(Новікава: ) “Я таму і не хацела адказваць на пытаньні суду, бо ведала, як судзілі ўсіх астатніх. Усё роўна гэта ні на што не паўплывае, будзе штраф, а ягоныя памеры ўжо ня маюць вялікага значэньня. Гэта робіцца ня толькі дзеля таго, каб запалохаць менавіта мяне, але й тых, якія маглі б выходзіць на вуліцы і рабіць тое ж самае. У нашай краіне такія заробкі, што такіх штрафаў рэальна ніхто й ня здолее заплаціць. Судзьдзю нават не засмуціла тое, што ў мяне маленькае дзіця і я нідзе не працую”.

За паўгадзіны да вынясеньня прысуду Аксане патэлефанавалі з Фрунзенскага суду і паведамілі, што яе справу аб зьмяненьні меры пакараньня за абразу прэзыдэнта накіравалі ў Камітэт у справах амністыі. У выпадку, калі камітэт не амністуе гэтага прысуду, то Аксане пагражае рэальнае пазбаўленьне волі ў жаночай калёніі.