Самыя вялікія страты ў гаспадарцы “Васілішкі-агра” (былы калгас Леніна), там цалкам абрынуўся дах фэрмы на дзьвесьце кароваў. Як мне паведамілі ў сельвыканкаме, жывёлу пасьпелі ўратаваць. Пабудова старая, дах —пахілы, на ім затрымаўся сьнег яшчэ зь мінулага моцнага сьнегападу. Распачаць будоўлю сёньня не было магчымасьці, у Васілішках па-ранейшаму падаў сьнег. У Смаргонскім раёне таксама давядзецца аднаўляць фэрму. У калгасах сёньня нямала старых, даўно не рамантаваных жывёлагадоўчых будынкаў.
Праўда, цяпер, пасьля заканчэньня доўгіх выхадных дзён, наступствы сьнегападаў ліквідуюць хутчэй. У сьвяты ў Гарадзенскім раёне блізка літоўскай мяжы вёскі былі адлучаныя ад электрычнасьці некалькі дзён. Трэба яшчэ дадаць, што ў мясцовых аддзелах Міністэрства надзвычайных сытуацыяў адмаўляюцца даваць зьвесткі наконт цяперашніх сьнегападаў.