БЕЛАРУСКАМУ МАСТАКУ ВАСІЛЮ ШАРАНГОВІЧУ СПОЎНІЛАСЯ 65 ГАДОЎ

Валянціна Аксак, Менск

Пра прафэсара Беларускае Акадэміі мастацтваў, дырэктара музэя сучаснага мастацтва, ляўрэата Дзяржаўнае прэміі, народнага мастака Васіля Шаранговіча гаворыць знаны беларускі жывапісец і грамадзкі дзеяч Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Васіль Шаранговіч — гэта зьява ў беларускім мастацтве. Як мастак высокага кшталту і як пэдагог. Ён фактычна стварыў школу беларускае графікі. Яго заслуга якраз у гэтым найвялікшая. Таму што ягоная катэдра графікі падрыхтавала кадры, я б сказаў, эўрапейскага маштабу. А як мастак, то, безумоўна, у шэрагу другіх мастакоў ён займае сваю асабістую нішу. Дастаткова згадаць і яго працы па афармленьні паэмаў Адама Міцкевіча (я маю на ўвазе “Дзяды”, “Пан Тадэвуш”), і канечне ж “Новая зямля”, падрыхтаваная да юбілею… Ён якраз працуе ў пляне нашай нацыянальнае сьведамасьці і адкрытасьці і прынцыповасьці. У адрозьненьне ад другіх творцаў, ён заўсёды займае прынцыповую пазыцыю і не баіцца выказаць тое, што ў яго на душы. Я ўжо не кажу пра тое, што ён карыстаецца прынцыпова толькі беларускаю мовай тут, у Беларусі”.