14 студзеня – стары Новы год. Ён адзначаецца паводле юліянскага календара, або паводле старога стылю. У народзе гэты дзень называлі Васільлем. Лічылася, што ўсё, што ні робіцца 14 студзеня, робіцца ўпершыню. І той, хто апярэдзіць астатніх (напрыклад, першы прынясе са студні вады), той увесь год і ва ўсіх справах будзе наперадзе.
14 студзеня 1893 году ў Вільні нарадзілася беларуская паэтка Канстанцыя Буйло. Яе юначы верш “Люблю” стаў папулярнай песьняй, мэлёдыя якой, у сваю чаргу, ужо шмат гадоў пачынае перадачы Беларускай службы Радыё Свабода.
14 студзеня 1916 году прыйшоў на сьвет беларускі ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі. Шмтагадовы пробашч касьцёла ў Вішневе на Валожыншчыне, айцец Чарняўскі меў нязьменнае крэда: “Кожны народ павінен маліцца ў сваёй мове”, пераклаў на беларускую мову Біблію.
14 студзеня 1920 году нарадзіўся беларускі паэт Мікола Аўрамчык, які большую частку свае літаратурнае працы прысьвяціў аддзелу паэзіі часопіса “Маладосьць”. Летась Мікола Аўрамчык апынуўся ў цэнтры скандалу вакол аўтарства ананімнае паэмы “Сказ пра Лысую гару”. Іншы паэт, Ніл Гілевіч, даказвае, што ён – адзіны аўтар паэмы, а Аўрамчык аспрэчвае гэта і патрабуе прызнаць яго суаўтарам.
14 студзеня 1926 году ў Паняцічах на Вялейшчыне нарадзіўся Янка Філістовіч – беларускі патрыёт, які ў часе вайны апынуўся ў эміграцыі, а ў 1951 годзе дэсантаваўся з самалёту ў Беларусь, цэлы год наладжваў у лясах партызанскую барацьбу, выданьне падпольнай газэты, пакуль ня быў схоплены савецкімі карнымі органамі і расстраляны.
І яшчэ адна паэтычная дата. 14 студзеня 1942 году нарадзілася Вера Вярба. Гэтаксама як песьня “Люблю” на верш Канстанцыі Буйло стала народнай, сапраўды народнай стала і песьня на словы Веры Вярбы “Ручнікі”. Памятаеце, тая, што пачынаецца словамі “У суботу Янка ехаў ля ракі, пад вярбой Алёна мыла ручнікі”. Калі паверыць лёгіцы календара, дык можна дапусьціць, што і сёньня ў Беларусі, можа быць, нарадзілася паэтка, якая некалі напіша яшчэ адну песьню, якая таксама стане народнай.