ЗЬЕЗЬД БСДГ ЗНОЎ АБРАЎ СТАНІСЛАВА ШУШКЕВІЧА НА СТАРШЫНЮ ЦЭНТРАЛЬНАЙ РАДЫ ПАРТЫІ

Альгерд Невяроўскі, Менск

У зьезьдзе удзельнічаў 121 дэлегат, і яшчэ каля трох дзясяткаў мандатаў былі прызнаныя несапраўднымі.

Прычынай спрэчак паміж гэтак званымі старымі сябрамі партыі і новай плыньню з больш чым 600 чалавек, што далучылася да БСДГ у мінулым годзе, стала прыпыненьне партыйнага сяброўства больш за 60 чалавек з Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі. Фармальна іх сяброўства ў БСДГ было прыпыненае быццам бы з-за неадпаведнай статуту працэдуры прыняцьця ў партыю. Але самі гарадзенцы і іх прыхільнікі ў партыйным кіраўніцтве лічаць, што старыя сябры БСДГ проста напалохаліся актыўнасьці новых.

Гэтыя апасеньні адчуваліся і ў справаздачным выступе старшыні Цэнтральнай рады БСДГ Станіслава Шушкевіча:

(Шушкевіч: ) “Добрыя сілы ўліліся. Старыя грамадоўцы не пакрыўдзілі новенькіх квотамі ва ўсе кіроўныя органы БСДГ. Але мы сутыкнуліся і з тым, з чым пагадзіцца проста немагчыма. У Грамаду ўлілася вялікая інтэлектуальная сіла. Людзі вялікай інтэлігентнасьці і, прабачце, гіпэртрафавана разьвітога антыбюракратызму, які вельмі часта перарастае ў ардынарную бессыстэмнасьць. У звычайны беспарадак у навязваньні захадаў, якія разбураюць партыю. Свабодалюбцамі лёгка прыкідвацца і звычайным лайдакам, якія не абцяжарваюць сябе адказнасьцю за агульную справу. Яны перакананыя толькі ў сваёй праваце і лічаць абразьлівымі ды непрымальнымі аргумэнты іншых сяброў партыі”.

Сябра Цэнтральнай рады Аляксей Кароль апанаваў старшыні БСДГ:

(Кароль: ) “На жаль, мы хворыя на тыя ж хваробы, на якія хворая бадай што ўся наша апазыцыя, і гэта нам трэба крытычна ўсьведамляць. Я маю на ўвазе амбіцыі й немагчымасьць дамовіцца. І давайце будзем пазьбягаць у адносінах да сваіх сяброў такіх словаў як “аб’яднанцы”, “жвавыя новенькія”, “уліванцы” — ня трэба гэтага рабіць. Трэба гуртавацца й шукаць таго сапраўднага, што нас аб’ядноўвае”.

Унутрыпартыйныя спрэчкі працягваліся на зьезьдзе даволі доўга, але ўрэшце абодва бакі пагадзіліся, што трэба не спрачацца, а актыўна працаваць, бо ў партыі ёсьць больш важныя задачы. Справа ж гарадзенскай партыйнай арганізацыі будзе вырашаная адразу пасьля зьезду. Гаворыць сябра Цэнтральнай рады БСДГ Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “Я мяркую, што зьезд павінен вырашаць галоўную задачу — аб удзеле ў выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія будуць прызначаныя на гэты год. Зьезд павінен неяк выказацца і адносна нашага ўдзелу ў “5+” разам зь іншымі партыямі. А раскол не патрэбны ні нашай партыі, ні наогул дэмакратычнаму руху ў Беларусі”.

Дэлегаты зьезду выказаліся за далейшае супрацоўніцтва БСДГ зь іншымі дэмакратычнымі сіламі ў рамках народнай кааліцыі “5+” і прынялі шэраг заяваў. На старшыню Цэнтральнай рады БСДГ быў зноў абраны Станіслаў Шушкевіч.