АФІЦЫЙНЫ МЕНСК ПЛЯНУЕ БРАЦЬ УДЗЕЛ У РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНІ, ЯКОЕ ЛАДЗІЦЬ ЭЎРАКАМІСІЯ

Юры Сьвірко, Менск

МЗС Беларусі, паводле яго прэсавага сакратара Андрэя Савіных, мае інфармацыю наконт рашэньня Эўрапейскай камісіі пра пачатак расьсьледаваньня ў справе парушэньняў права грамадзянаў на аб’яднаньне, то бок на стварэньне прафэсійных саюзаў.

Спадар Савіных зазначыў, што органы дзяржаўнай улады Беларусі, якія займаюцца гэтымі пытаньнямі, лічаць: “Нацыянальнае заканадаўства й практыка прымяненьня права адпавядаюць агульнапрынятым міжнародным стандартам”. Ён дадаў, што афіцыйны Менск чакае афіцыйнага паведамленьня ад Эўракамісіі пра пачатак расьсьледаваньня.

(Савіных: ) “У паведамленьні павінны быць выкладзеныя падставы для адкрыцьця расьсьледаваньня ды вызначаная працэдура ўдзелу бакоў. Эўракамісія таксама забавязаная надаць Рэспубліцы Беларусь усе магчымасьці для ўдзелу ў ходзе расьсьледваньня, улучна з прадстаўленьнем вычарпальных аргумэнтаў наконт пытаньня, якое разглядаецца”.

Прэсавы сакратар МЗС сказаў, што яго ведамства пасьля атрыманьня гэтага паведамленьня накіруе яго ў зацікаўленыя органы для аналізу, ацэнкі й падрыхтоўкі адпаведных камэнтароў.

Спадар Савіных зазначыў таксама, што шэраг публікацыяў у электронных мас-мэдыях, якія, паводле ягонай ацэнкі, беспадстаўна прадбачаць наступствы рашэньня Эўразьвязу, нельга браць пад увагу ў зьвязку зь іх спэкуляцыйным характарам і няведаньнем працэдуры правядзеньня такога кшталту расьсьледаваньня.

Радыё Свабода паведамляла ўжо, што расьсьледаваньне Эўракамісіі будзе доўжыцца шэсьць месяцаў. Калі падчас расьсьледаваньня будуць пацьверджаныя парушэньні правоў беларускіх прафсаюзаў, дык Беларусь можа страціць права на спрыяльныя экспартныя тарыфы ў гандлі з Эўразьвязам, што будзе каштаваць краіне 100 мільёнаў эўра.

Але ў пятніцу польская газета “Rzeczpospolita” паведамiла, што Польшча будзе спрабаваць заблякаваць увядзеньне Эўрапейскiм Зьвязам гаспадарчых санкцыяў супраць Беларусi. “Мы супраць гэтага. Я думаю, што нам удасца атрымаць падтрымку свайго пункту гледжаньня не толькi сярод краiнаў, якiя ўступаюць у Эўразьвяз, але i сярод краiнаў – сяброў Эўразвязу”, – заявiў газэце “Rzeczpospolita” вiцэ-мiнiстар гаспадаркi Польшчы Мiраслаў Зелiньскi. Разам з тым ён адзначыў, што Польшча зацiкаўленая ў захаваньнi правоў прафсаюзаў у Беларусi.