Украінская канстытуцыя забараняе трэці прэзыдэнцкі тэрмін для аднаго чалавека. Леанід Кучма ўжо абіраўся прэзыдэнтам двойчы – у 1994 і 1999 годзе. Але абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў зьявілася ў Канстытуцыі ў 1996 годзе. І вось найвышэйшы суд Украіны сёньня заявіў, што Кучма мае права балятавацца зноў, бо пры дзейнай Канстытуцыі ён абіраўся толькі аднойчы.
Прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне маюць адбыцца ў наступным годзе. Дырэктар украінскай службы Радыё Свабода Аляксандар Нарадэцкі кажа, што Кучма, найхутчэй, яшчэ ня вырашыў, ці будзе ён балятавацца сам.
(Нарадэцкі: ) “Некаторыя палітолягі лічаць, што гэта было зроблена, каб паглядзець, як на ўсё гэта адрэагуе публіка – як яна ў прынцыпе адрэагуе на кандыдатуру Кучмы. Калі яна будзе рэагаваць агрэсіўна, дык магчыма давядзецца падумаць пра нейкага больш нэўтральнага кандыдата з так званай “большасьці”.
Днямі Вярхоўная Рада Ўкраіны зацьвердзіла у першым чытаньні законапраект, які абмяжоўвае паўнамоцтвы прэзыдэнта, абранага ў наступным годзе, а ўжо ў 2006 годзе прэзыдэнта мае абіраць парлямэнт. Апазыцыя кажа, што такім чынам Кучма і ягонае атачэньне хочуць захаваць ўладу.
Каб зацьвердзіць зьмены ў Канстытуцыі, патрабуецца дзьве траціны галасоў у парлямэнце. Аляксандар Нарадэцкі лічыць, што прапрэзыдэнцкія сілы здолеюць гэта зрабіць.
(Нарадэцкі: ) “Судзячы па тым, што большасьць дамовілася з камуністамі, ім ня будзе вельмі цяжка здабыць 300 галасоў, каб прагаласаваць у другім чытаньні. Я ня бачу тут праблемы для большасьці ператварыць гэты праект ў закон”.
Паводле апытаньняў, найбольш верагодным пераможцам на прэзыдэнцкіх выбарах у наступным годзе быў бы Віктар Юшчанка – лідэр “Нашай Украіны”, найбуйнейшай дэмакратычнай фракцыі ва ўкраінскім парлямэнце. Але некаторыя палітолягі кажуць, што Юшчанка ня здолее атрымаць большасьць галавоў, бо ён ня вельмі папулярны на ўсходзе і поўдні Ўкраіны. Вось што кажа Алякасндар Нарадэцкі.
(Нарадэцкі: ) “Дагэтуль усе апытаньні – і незалежныя і залежныя – паказваюць, што Юшчанка трымае найвышэйшы рэйтынг ва Ўкраіне ўжо шмат месяцаў, больш за год. Але ў часе выбараў праяўляецца яшчэ й адміністрацыйны рэсурс, і звычайна ў руках ўлады – вырашаць, каго яны хочуць мець прэзыдэнтам. Можна чакаць, што барацьба будзе вельмі гарачая, і яна ўжо вядзецца цяпер. Ніводны з бакоў ня хоча здавацца. І я думаю, што наступны год будзе гэткім жа гарачым, калі ня болей гарчым за папярэдні. Я не магу прадбачыць кандыдатуру пераможцы, але толькі працэс. Гэта будзе зацятая барацьба паміж дзьвюма лягерамі”.
На думку шмат якіх украінскіх і заходніх экспэртаў, пасьля прыходу да ўлады дэмакратычнай апазыцыі цяперашняе ўкраінскага кіраўніцтва магло б патрапіць пад суд па абвінавачаньнях у карупцыі і нават забойстве.