АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ЛІЧЫЦЬ, ШТО БЕЛАРУСКІМ БРОВАРАМ ЗАМЕЖНЫЯ ІНВЭСТЫЦЫІ НЕ ПАТРЭБНЫЯ

Юлія Шарова, Менск

Рэканструкцыя “Крыніцы” каштавала прыкладна 32 мільёны даляраў. Зь іх каля 20 мільёнаў — грошы “Прыёрбанку”, 10 мільёнаў — бюджэтныя сродкі і нязначная сума ўласных грошай заводу. На думку кіраўніка дзяржавы, дапамога звонку беларускім броварам цяпер не патрэбная, і досьвед “Крыніцы” быццам бы гэта пацьвярджае. Якасьць беларускага піва апошнім часам значна палепшылася дый цаной яно ўдвая таньнейшае за расейскае, заявіў беларускі лідэр.

У часе візыту на прадпрыемства Аляксандар Лукашэнка сказаў, што іншыя заводы будуць мадэрнізавацца таксама за кошт унутраных рэсурсаў.

(Лукашэнка: ) “Мы самі можам уладкаваць сваё жыцьцё. І самі можам рабіць тое, што нам прапануюць замежнікі. Мы пераканаліся ў тым, што можам гэта рабіць самі й будзем мадэрнізаваць ды ўдасканальваць нашыя заводы паводле ўзору “Крыніцы”.

Патрэба беларускіх бровараў у інвэстыцыях ацэньваецца сотнямі мільёнаў даляраў — унутры краіны такіх сродкаў няма. Пры гэтым асноўным інвэстарам, які павінен у найбліжэйшай будучыні ўздымаць беларускія бровары, Лукашэнка даўно прызначыў “Прыёрбанк”. Як цьвердзіць прадстаўнік банку ды старшыня назіральнай рады “Крыніцы” Юры Сьлепіч, найбліжэйшым часам банк будзе інвэставаць грошы ў два іншыя заводы.

(Сьлепіч: ) “За намі яшчэ Берасьце й Полацак, але гэта будзе ў наступным годзе. Там будзе відаць”.

(Карэспандэнт: ) “Які там аб’ём інвэстыцыяў?”

(Сьлепіч: ) “Нешта каля 10–15 мільёнаў”.

Варта заўважыць, што за апошні час, каб абараніць айчынныя бровары, улады зрабілі захады, якія паспрыялі штучнаму падвышэньню коштаў на імпартнае піва ў Беларусі й паставілі ў больш выгодныя ўмовы айчынных вытворцаў. Да таго ж казаць пра надзвычайнае паляпшэньне якасьці піва не выпадае — краіна мае праблемы зь якасным ячменем.

Трэба таксама нагадаць, што траціна сродкаў, укладзеных у “Крыніцу” — гэта крэдыт, які прадпрыемства ўзяло амаль два гады таму ў расейскай “Балтыкі” ўзамен на абяцаньне аддаць кантрольны пакет акцыяў заводу. Нядаўна большую частку крэдыту “Крыніца” вярнула, узяўшы 10 мільёнаў даляраў зь бюджэту краіны пад даволі нізкія працэнты. Але прадстаўнікі кампаніі “Балтыка” па-ранейшаму заяўляюць, што “Крыніца” ня цалкам выплаціла ім даўнюю пазыку. Са словаў прэсавага сакратара расейскай кампаніі Аляксея Кедрына, выніковую суму пазыкі бакі ўсё яшчэ не ўзгаднілі.

Што да абстрактных прэтэнзіяў Лукашэнкі на адрас замежных інвэстараў, якія відавочна тычыліся непасрэдна “Балтыкі”, то спадар Кедрын ня лічыць іх абгрунтаванымі.

(Кедрын: ) “Калі казаць наагул, ні ад якіх сацыяльных гарантыяў натуральна мы не адмаўляліся. Наадварот прадугледжвалася, што сацыяльныя гарантыі, альбо сацыяльныя ўмовы працы на прадпрыемстве былі б куды лепшыя, чым да таго”.