ЦІ СТАЛІ ВЫ ЖЫЦЬ ЛЕПЕЙ У 2003 ГОДЗЕ?

Ганна Соусь, Менск

Ці быў адыходзячы год для вас пасьпяховы? Лепей ці горш сталі жыць людзі ў Беларусі й чаму? Мае выпадковыя суразмоўцы адказалі на гэтыя пытаньні наступным чынам:

(Спадар: ) “Усё залежыць ад году, ад настрою, ад працы. Мала што на сёньняшні час залежыць ад нашых кіраўнікоў. Мне здаецца, што больш усё залежыць ад самога чалавека”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы асабіста лепей сталі жыць ці горш?”

(Спадар: ) “Наўрад ці лепей. Не зьмянілася нічога за апошнія, мабыць, тры гады”.

(Спадарыня: ) “Што тычыцца мяне, то ў маім жыцьці нешта зьмянілася, але ў жыцьці грамадзтва напэўна нічога. Мы становімся дарослымі. Я паступіла ў інстытут, і ўжо нейкі падмурак ёсьць, ёсьць пляны на будучыню”.

(Спадарыня: ) “Адназначна не адкажаш, бо тое, што горш, можа потым прывесьці да нейкіх іншых пераменаў”.

(Спадарыня: ) “Не, ня лепей. Мая пэнсія зараз 117 тысяч, і 70 тысяч я плачу за камунальныя паслугі. Што там застаецца… Добра, што трохі дзеці дапамагаюць. А так пражыць адзінокаму пэнсіянэру цяжка”.

(Спадар: ) “Я б не сказаў, што тут людзі шчасьлівыя. Усе людзі змрочныя чамусьці ў параўнаньні зь іншымі краінамі. Значыць, нечым не задаволеныя, і значыць, трэба рабіць дэмакратычны выбар”.

(Спадар: ) “Я лічу, што лепей стаў жыць, таму што сёньня здаў заліковую сэсію. Менавіта таму лічу, што жыцьцё ў мяне цяпер найлепшае сярод усіх людзей”.

(Спадарыня: ) “Гэты год, дзякуй Богу, прайшоў нармальна. Мне падаецца, што людзі сталі крыху лепей жыць”.

(Спадар: ) “Як жылі, так і засталіся жыць. Цяжка адказаць адразу, таму што карэнных зьменаў не было”.

(Спадарыня: ) “Гледзячы зь якога боку. У мяне нарадзілася дачка. Гэта радуе. Але ў матэрыяльным пляне пераменаў да лепшага не адбылося. Таму што заробкі ня надта высокія, а цэны, самі ведаеце якія”.

(Спадар: ) “Можна сказаць, што я стаў жыць лепей на нейкую частку. Нешта добрае ўсё ж адбылося сёлета. Да таго ж я раблюся дарослым”.

(Спадар: ) “Ня стаў жыць лепей. Цэны растуць, зарплата тая ж, адныя праблемы”.

(Спадар: ) “Я не лічу, што стаў лепей жыць, таму што я ня бачу нейкіх лепшых зьменаў увогуле ў нашай дзяржаве, і ня бачу пэрспэктывы на паляпшэньне нашага жыцьця”.

(Спадар: ) “Лепей паводле ўсіх парамэтраў. І паводле прыбыткаў, і ўладкаваньня дзяцей ды іншага. Чаго й вам зычу”.

Гэтак адказалі мінакі на менскіх вуліцах на пытаньне, ці палепшылася іх жыцьцё ў 2003 годзе.