Пра тое, што кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі з новага году адмаўляецца прадоўжыць працоўны кантракт, артыстам паведамілі напрыканцы сьнежня, а не за два месяцы, як гэта прадугледжвае заканадаўства. Ад сустрэчаў з мастацкім кіраўніком “Госьціцы” старшыня кампаніі Ягор Рыбакоў і ягоныя намесьнікі ўхіляюцца, а праз сваіх памочнікаў паведамілі, што калектыў звальняюць нібыта з эканамічных меркаваньняў. Аднак артысты ўпэўненыя, што іх звальняюць за тое, што яны прапагандуюць беларускую мову і культуру, а не дзяржаўную ідэалёгію. Гаворыць мастацкая кіраўнічка “Госьціцы” Ларыса Сімаковіч:
(Сімаковіч: ) “31 сьнежня калектыў існуе апошні дзень, бо мы застаемся бяз даху над галавой і ў нас няма ніякіх пэрспэктыў. Прычына ў тым, што калектыў вельмі нацыянальна адметны. І я, як кіраўнік, не была ў шэрагу тых, хто спаборнічае, каб чысьцей вылізаць. Таму “Госьціцы” на тэлебачаньні існаваць ня будзе”.
“Госьціца” ў сытэме Белтэлерадыёкампаніі працуе з 1986 году івядомая як самабытны калектыў, які адраджае старажытную культуру народных танцаў. Акрамя таго, фальклёрны тэатар стаўся школай выхаваньня таленавітай і нацыянальна сьвядомай моладзі. Да прыкладу, выканаўца галоўнай ролі ў нашумелым фільме “Анастасія Слуцкая” Сьвятлана Зелянкоўская, якая прайшла праз “Госьціцу”, не хавае сваёй прыхільнасьці да беларускай мовы.
Пракамэнтаваць для Радыё Свабода, чаму гэты калектыў стаўся непатрэбным, кіраўнікі Белтэлерадыёкампаніі адмовіліся. Колішні старшыня кампаніі Генадзь Бураўкін, пры якім “Госьціца” толькі распачынала працу, заявіў:
(Бураўкін: ) “Тэлебачаньню і радыё, тым, хто імі цяпер кіруе, ім нічога нацыянальнае не патрэбнае. Яны ўсё робяць, каб гэтага нацыянальнага не было. Як мне здаецца, усім, хто цікавіцца нацыянальным мастацтвам, пэрспэктывамі нацыянальнай культуры, “Госьціца” добра вядомая. Трэба радавацца, што такі калектыў у Беларусі ёсьць, трэба даражыць гэтым калектывам. І тое, што ў “Госьціцы” ёсьць нейкія праблемы й цяжкасьці — гэта вельмі й вельмі сумна”.
Артысты “Госьціцы” й мастацкі кіраўнік хочуць захаваць калектыў нават пасьля свайго звальненьня, аднак магчымасьці для гэтага яны пакуль ня маюць.