З прапановаю перайменаваць бібліятэку, якая дагэтуль носіць імя Леніна, надаўшы ёй імя славутага пісьменьніка-земляка, зьвярнуліся да прадстаўнікоў уладаў віцебскія сябры ТБМ. У іхных лістах былі выказаный і іншыя прапановы па ўшанаваньні памяці Васіля Быкава.
Пра гэта распавядае Старшыня абласное рады ТБМ Іосіф Навумчык:
(Навумчык: ) “Абласная арганізацыя ТБМ прыняла плян дзеяньняў ўшанаваньня памяці Васіля Быкава ды падрыхтоўцы да ягонага 80-годзьдзя. Свае прапановы яшчэ ў кастрычніку мы даслалі кіраўніку адміністрацыі прэзыдэнта спадару Латыпаву, намесьніку старшыні Савету міністраў спадару Дражыну, міністру культуры спадару Гуляку, ва ўправы Саюзу пісьменьнікаў ды Саюзу мастакоў, старшыням Віцебскага абласнога ды гарадзкога выканкамаў, Вушацкага райвыканкаму ды райсавету дэпутатаў. Адзіныя, хто нам аказаў — гэта Віцебскі гарвыканкам ды ўправа Саюзу мастакоў. Іншыя службовыя асобы нам пакуль што адказу не даслалі”.
Беларускі саюз мастакоў, у прыватнасьці, падтрымаў прапанову ТБМ правесьці на Вушаччыне пленэр памяці Быкава, праўда, у адказе пазначана, што на гэта пакуль што няма грошай. Вырашылася і яшчэ адно пытаньне: аддзел культуры Віцебскага аблвыканкаму разам з адміністрацыяй Вушацкага раёну прынялі рашэньне адрэстаўраваць да 80-х угодкаў Васіля Быкава ягоную родную хату ў вёсцы Бычкі.
А вось пытаньне пра перайменаваньне бібліятэкі ня толькі ня вырашылася, але яшчэ болей абвастрылася. Віцебскія пэнсіянэры ды вэтэраны працягваюць адстойваць сваё меркаваньне, і літаральна ўчора ў дзяржаўнай газэце “Віцебскі рабочы” быў надрукаваны ліст Раўзона, які піша: “Быкаў, канечне, неблагі пісьменьнік, але параўнаць яго зь Леніным немагчыма”.
Зь іншага боку, на адрас гарадзкіх ды гарадзкіх уладаў усё часьцей ідуць лісты ад сябраў ТБМ, вучняў, настаўнікаў, нядаўна даслалі ліст у абласную адміністрацыю віцебскія сябры КХП БНФ, якія таксама падтрымліваюць ідэю пра перайменаваньне бібліятэкі.
Пакуль вядуцца гэткія спрэчкі, прадстаўнікі дзяржаўных уладаў ніякім чынам не выказваюць свайго стаўленьня да гэтае праблемы. Тым ня менш, у адным зь нядаўніх нумароў газэты “Аргументы и факты”, быў зьявіўся адказ аднаму з чытачоў, які таксама запытаўся, ці будзе ў Віцебску бібліятэка імя Быкава. Адказ быў такі: маўляў, карэспандэнт “АиФ” патэлефанаваў у віцебскаі гарвыканкам, і яму дакладна адказалі, што ніякіх перайменаваньняў ня будзе, бо супраць гэтага пратэстуюць тутэйшыя вэтэраны.
Але спадар Навумчык, кіраўнік абласное Рады ТБМ, ніякага падобнага адказу не атрымліваў. Насупраць, з гарвыканкаму яму паведамілі, што падобнага “маштабу” пытаньні ў кампэтэнцыі кіраўніцтва вобласьці, і што цяпер гэтае пытаньне вырашаецца. Праўда, вырашыць яго ўлады паабяцалі яшчэ ў сьнежні, які ўжо заканчваецца.
Дарэчы, “крыху пачакаць” прапанавалі сябрам ТБМ і ў Полацку: ад іхнага імя таксама былі прапановы назваць імем Васіля Быкава адну зь бібліятэк. У гарвыканкаме прапанавалі пачакаць, пакуль у Полацку пабудуюць новы жылы мікрараён — маўляў, там будзе і новыя бібліятэка імя Быкава, а заадно й новая вуліца імя Быкава. Але, кажуць, будаўніцтва ідзе ня дужа хуткімі тэмпамі.
Каб нарэшце высьветліць пазыцыю абласных уладаў, у часе апошняе канфэрэнцыі ТБМ была створаная адмысловая рабочая група. Ужо не чакаючы ніякіх пісьмовых рэагаваньняў, гэтыя людзі самі пойдуць у аблвыканкам ды запатрабуюць адказаў на ўсе пытаньні, што тычацца ўшанаваньня памяці Васіля Быкава, а таксама падрыхтоўкі да ягоных 80-х угодкаў. Адбудзецца гэта, напэўна, напачатку студзеня.