ЛІДЗКІ ЗАМАК ПАКРЫСЕ РАЗБУРАЕЦЦА, ЛІДЧУКІ ХОЧУЦЬ ЯГО ЎРАТАВАЦЬ

Сяргей Астраўцоў, Гарадзенская вобласьць

Трэба папрацаваць дзеля замку, а тады ён будзе прыносіць рэальную карысьць гораду і ягоным жыхарам, — так лічыць Аляксандар Пятаеў, які ўзяўся зьяднаць высілкі лідчукоў, якім неабыякавы лёс замку.

(Пятаеў: ) “Мы знайшлі тое, што ў горадзе аб’ядноўвае ўсе сілы, грамадзкасьць і ўладу, — гэта адраджэньне і аднаўленьне замку”.

Спадар Пятаеў ведае, дзе і як шукаць сродкаў на рэстаўрацыю. Сам ён — прадпрымальнік, кіруе фірмай “Лідзкая нерухомасьць”. Дарэчы, гараджане ўжо сталі прыносіць свае грошы, хаця іх аб гэтым ніхто пакуль не прасіў. Задумай аб рэстаўрацыі захоплены таксама бізнэсовец Уладзімер Леванцэвіч.

(Леванцэвіч: ) “Калі Гедымін пачаў будаваць замак, ён быў закончаны за тры гады, і толькі крыху пазьней дабудавалі вежы. А ў нас 25 год будуюць тры сьцяны і яшчэ ўсяго не зрабілі”.

Трэба сказаць, што даўно закончаныя адна зь дзьвюх вежаў і тры сьцяны. Чацьвертая аднойчы разбурылася, і сёньня яе стан небясьпечны. Вось што гавораць самі лідчукі пра замак і ягоную рэстаўрацыю:

(Спадарыня: ) “Думаю, што ў наш цяжкі час не хапае грошай на рэстаўрацыю. Ня ведаю, напэўна спэцыялісты такія робяць, што ўсё руйнуецца”.

(Дзяўчына: ) “Тут усё нешта рабілі кожны год, хадзілі чуткі, што ўнутры хацелі зрабіць рэстарацыю”.

(Карэспандэнт: ) “Вы не баіцеся, што сьцяна абрынецца, як аднойчы здарылася, бо яна сёньня ў аварыйным стане?”

(Спадарыня: ) “Мы ўвогуле не баімся тут хадзіць, але хацелася б усярэдзіну зайсьці паглядзець, але ўсё зачынена і там нічога ня робяць”.

(Дзяўчына: ) “Тут было мноства розных праектаў, у газэце пісалі, але нешта мы чакаем, але нічога ў іх не атрымліваецца. Яны ня ўмеюць так будаваць, як будавалі раней. Яны сьцяну дабудоўваюць, а яна ў іх усё абвальваецца”.

(Дзяўчына: ) “Даўно пара скончыць рэстаўрацыю”.

(Яе сяброўка: ) “Гэта галоўная славутасьць нашага гораду, але мы пра яе мала ведаем”.

(Малады мужчына: ) “Штосьці пра рэстаўрацыю я чуў, нават камэрцыйныя структуры хочуць прыцягнуць. Гэта, я лічу, патрэбная справа”.

(Карэспандэнт: ) “А вы ня ведаеце, што ствараецца аб’яднаньне “Замчышча”, каб знайсьці грошы на рэстаўрацыю замку?”

(Пажылы спадар: ) “Адным вухам чуў, але нічога канкрэтнага ня ведаю. Я, канечне, быў бы зацікаўлены, каб яго хутчэй закончылі”.

(Спадар: ) “Пакуль, па-мойму, рэстаўруюць адную частку, у гэты час другая ўжо развальваецца. Па тэрмінах рэстаўрацыя настолькі расьцягнутая, што заканчэньня не відаць”.

Такія меркаваньні выказалі лідчукі наконт свайго замку, які быў пабудаваны 680 гадоў таму за тры гады, і які ў нашыя дні ня здолелі рэстаўраваць за 25 гадоў.