ПАПЯРЭДНІ МЭМАРАНДУМ Х.ПУРГУРЫДЭСА “ЗЬНІКЛЫЯ АСОБЫ Ў БЕЛАРУСІ” (ПЕРШАЯ ЧАСТКА)

РС/РСЭ

A. Уводзіны

Асамблея больш як два гады заклапочаная зьнікненьнямі Юрыя Захаранкі, былога міністра ўнутраных справаў (зьнік 7 траўня 1999 году), Віктара Ганчара, былога намесьніка старшыні парлямэнту Беларусі (зьнік 16 верасьня 1999 году), Анатоля Красоўскага, бізнэсоўца (зьнік са сп. Ганчаром) і Зьмітра Завадзкага, апэратара расейскага тэлеканалу ОРТ (зьнік 7 ліпеня 2000 году). Увазе камітэту юрыдычных справаў і правоў чалавека былі прадстаўленыя зробленыя публічна сьцьвярджэньні аб тым, што гэтыя зьнікненьні мелі палітычную падаплёку.

Як вынік, Камітэт юрыдычных справаў і правоў чалавека ў верасьні 2002 году стварыў адмысловы падкамітэт, каб высьветліць абставіны зьнікненьняў у Беларусі паводле мажлівых палітычных прычынаў. Адмысловы падкамітэт, які ачольвае С.Кавалёў, у студзені 2003 году ў Страсбуры заслухаў заявы чальцоў сем’яў зьніклых асобаў і сп. Алкаева, былога кіраўніка менскай турмы СІЗА № 1, які атрымаў палітычны прытулак у Нямеччыне. Ён таксама прыняў пад увагу паведамленьне, датаванае 20 студзеня 2003 году й адрасаванае сем’ям Ганчара й Красоўскага сп. Чумачэнкам, старшым сьледчым пракуратуры Менску, ды адказ генэральнага пракурора Шэймана сп. Фралову, кіраўніку групы “Рэспубліка” ў беларускім парлямэнце. Беларускія ўлады адхілілі некалькі запытаў адмысловага падкамітэту наконт правядзеньня паседжаньня ў Менску з мэтай заслухаць іншых асобаў, якія маглі мець інфармацыю пра лёс зьніклых асобаў.

Паралельна Камітэт юрыдычных справаў і правоў чалавека на сваім паседжаньні 5 чэрвеня 2003 году прызначыў мяне дакладчыкам на гэтую ж тэму. Пасьля некаторых хістаньняў зь беларускага боку я быў запрошаны ў Менск з 5 па 8 лістапада 2003 году. Я хацеў бы падзякаваць сп. Канаплёву, намесьніку старшыні беларускай палаты прадстаўнікоў, за ягоную каштоўную дапамогу ў арганізацыі гэтага візыту й гасціннасьць, якую ён прадэманстраваў падчас майго знаходжаньня ў Менску.

Сп. Канаплёў патлумачыў мне, што па-за межамі ягонай кампэтэнцыі было наладзіць сустрэчы з усімі тымі асобамі, зь якімі я прасіў сустрэцца. Ён праінфармаваў мяне ў Менску, што я мушу адрасаваць свой пісьмовы запыт наконт сустрэчаў зь іншымі асобамі, згаданымі ў маім лісьце, адпаведна міністру ўнутраных справаў сп. Навумаву й генэральнаму пракурору сп. Шэйману. Такія сустрэчы маглі б тады быць арганізаваныя з нагоды майго другога візыту ў Менск у пачатку сьнежня ў якасьці дакладчыка камітэту палітычных справаў наконт свабоды прэсы.

Як я тлумачыў сваім суразмоўцам у Менску, маёй місіяй не было самастойнае правядзеньне паўнавартаснага крымінальнага расьсьледаваньня гэтых зьнікненьняў з мэтай вызначыць тых, хто нясе адказнасьць. Мэтай майго візыту было толькі вывучыць цалкам аб’ектыўным шляхам, ці праводзілася належнае расьследаваньне зьнікненьняў кампэтэнтнымі беларускімі ўладамі.

На жаль, нягледзячы на тое, што я выканаў ува ўсіх дэталях працэдурныя парады, якія былі мне дадзеныя, усе мае запыты аб сустрэчах на 3 сьнежня былі адхіленыя, і сакратару нашага камітэту, якога я папрасіў далучыцца да мяне ў Менску на гэты дзень, адмовілі ў ягонай візе. Я хацеў бы паінфармаваць вас, што прычынай, якую сп. Канаплёў даў мне на закрытай сустрэчы, было тое, што беларускаму боку ўдалося забясьпечыць сябе копіяй першага праекту гэтага мэмарандуму й што сам прэзыдэнт быў незадаволены яго зьместам. Я выказаў рашучы пратэст супраць гэткіх непрымальных і неэтычных паводзінаў і перадаў свае шкадаваньні сп. Канаплёву, што ягоны ўрад не скарыстаўся магчымасьцю праз дадатковыя размовы з тымі беларускімі чыноўнікамі, якіх я прапанаваў, прадставіць больш дэталёва ўрадавую вэрсію падзеяў.

Прырода беларускага рэжыму, як ілюструе гэты эпізод, ёсьць важным чыньнікам таксама ў ацэньваньні фактаў гэтай справы. Беларусь – гэта былая савецкая рэспубліка, у якой фундамэнтальныя дэмакратычныя рэформы яшчэ ня мелі месца. Сыстэма ўраду ёсьць высока цэнтралізаванай, і ўсе паўнамоцтвы выканаўчай улады наўпрост або ўскосна кантралюецца прэзыдэнтам. Вэртыкальныя структуры, якія прымаюць рашэньні, базуюцца на пастаянным наглядзе за грамадзянамі з боку магутнага апарату бясьпекі, які відавочна мае дасканалыя сродкі ў сваім распараджэньні й ня мае сумневаў наконт выкарыстаньня іх. Верагоднасьць афіцыйнае “вэрсіі”, што такія вельмі вядомыя палітычныя асобы маглі проста “зьнікнуць”, а ўрад няздольны вызначыць іх месцазанходжаньне, таксама трэба разглядаць на гэтым агульным тле.

Я хацеў бы адзначыць, што гэты ўводны мэмарандум базуецца на інфармацыі, якую я маю ў сваім распараджэньні на гэты час. У той час, калі я ўжо даў беларускім уладам шырокія магчымасьці прадставіць іхнюю вэрсію падзеяў, я хацеў бы з усёй адкрытасьцю перадаць гэты мэмарандум у Менск. Калі камітэт пагодзіцца, я б хацеў запрасіць улады пракамэнтаваць любыя пункты, зь якімі яны не пагаджаюцца, і прадставіць любую новую інфармацыю, якая можа апраўдаць зьмену высноваў, што, як я спадзяюся, змагу прадставіць у канчатковай справаздачы ў пачатку наступнага году.

B. Папярэднія высновы

На гэты час я прыйшоў да папярэдняй высновы, што кампэтэнтнымі беларускімі ўладамі не было праведзенае належнае расьсьледаваньне зьнікненьняў. Наадварот, размовы, якія я правёў у Менску ў зьвязку з паказаньнямі спадара Алкаева перад адмысловым падкамітэтам і дакумэнтамі альбо копіямі, якімі я валодаю, прымусілі мяне лічыць, што на найвышэйшым дзяржаўным узроўні былі зробленыя актыўныя крокі, каб схаваць сапраўдную падаплёку зьнікненьняў, і падазраваць, што найвышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі могуць самі быць уцягнутыя ў гэтыя зьнікненьні.

Я цалкам усьведамляю, што гэта сур’ёзныя сьцьвярджэньні, і я прадстаўлю тут падсумаваньне элемэнтаў у маім распараджэньні, якія прывялі мяне да гэтых папярэдніх высноваў, і нарэшце, наступствы, якія, як я прапаную, Асамблея можа зрабіць пасьля гэтых высноваў.

C. Аснова для маіх высноваў

10. Mае папярэднія высновы базуюцца на інфармацыі, якая мае дачыненьне, у прыватнасьці, да наступных пытаньняў і сур’ёзных супярэчнасьцяў ды, у некаторых выпадках, наўпроставай хлусьні, якая стала відавочнай пасьля аналізу гэтай інфармацыі й прад’яўленьня яе маім суразмоўцам у Менску:

(1) афіцыйны расстрэльны пісталет, які быў выдадзены з СІЗА № 1 у двух выпадках, якія супадаюць са зьнікненьнямі Захаранкі, Ганчара й Красоўскага,

(2) заявы сьведкаў і рэчавыя доказы што да месца выкраданьня Ганчара й Красоўскага,

(3) напісанае ад рукі абвінавачаньне, зробленае генэралам паліцыі Лапацікам 21 лістапада 2000 году,

(4) арышт і хуткае вызваленьне палкоўніка Паўлічэнкі ў лістападзе 2000 году,

(5) паведамленьне пра ліст былога генпракурора Бажэлкі ягонаму расейскаму калегу з просьбай пра спэцыялізаванае абсталяваньне,

(6) іншыя дэталі гісторыі былога генэральнага пракурора Бажэлкі, расказаныя сп. Лявонавым,

(7) кадравыя зьмены на найвышэйшым узроўні сілавых структураў у лістападзе 2000 году,

(8) сакрэтны суд над “бандай Ігнатовіча”.

11. Перад тым як прадставіць гэтыя пытаньні, я хацеў бы зазначыць, што мае афіцыйныя суразмоўцы ў Менску відавочна дамовіліся пра агульную пазыцыю загадзя. Усе тры зазначылі, што беларускія спэцслужбы мелі дастаткова зброі ў сваім распараджэньні, якая дазваляла ім ажыцьцяўляць любыя апэрацыі без пазычаньня афіцыйнага расстрэльнага пісталету ад сп. Алкаева. Усе тры (як і міністар замежных справаў Мартынаў) таксама падкрэсьлілі, што вялікая колькасьць асобаў (некалькі соцень) зьнікалі штогод у Беларусі, некаторыя зь якіх зьявіліся зноў раней ці пазьней (улучна са спн. Віньнікавай, былой кіраўніцай цэнтральнага банку, пра якую апазыцыя сьцьвярджала, што яна “зьнікла” з палітычных прычынаў, – пакуль яна ня выплыла зноў у Лёндане).

1. Афіцыйны расстрэльны пісталет

12. “Вэрсія”, прадстаўленая сем’ямі ахвяраў ды іхнімі адвакатамі, палягае ў тым, што афіцыйны расстрэльны пісталет ПБ-9 быў выдадзены ў адпаведнасьці зь юрыдычнымі парцэдурамі як частка ажыцьцяўленьня “афіцыйнага” выкананьня сакрэтнага сьмяротнага прысуду тром асобам, якіх разглядалі як “здраднікаў”, такім чынам забясьпечыўшы псыхалягічную падтрымку жаўнерам, якіх задзейнічалі, каб зьдзейсьніць гэтыя акты. На першы погляд, гэтая вэрсія выглядае нацягнутай.

13. Але цяпер гэта ўжо пэўна ( і можа быць лёгка даведзенае фармальна), што афіцыйны расстрэльны пісталет, што захоўваўся сп. Алкаевым, які адказваў за аддзел, што ажыцьцяўляў сьмяротныя прысуды ў Беларусі, быў сапараўды выдадзены двойчы паводле загаду тагачаснага міністра ўнутраных справаў сп. Сівакова, падчас пэрыядаў, якія супадаюць са зьнікненьнямі сп. Захаранкі 7 траўня 1999 году й сп. Ганчара й сп. Красоўскага 16 верасьня 1999 году.

14. Таксама пэўна, што жаўнер СОБРу (спэцыяльных сілаў Міністэрства ўнутраных справаў), якога звалі Паўлічэнка (які кіраваў чырвонай аўтамашынай BMW – такую машыну бачылі на месцы выкраданьня Ганчара й Красоўскага), назіраў за адным з расстрэлаў, выкананых групай сп. Алкаева, й паводзіў сябе “падазрона”, паводле сп. Алкаева. У лістападзе 2000 году сп. Алкаеў зрабіў дэтальныя паказаньні перад сьледчымі пракуратуры, і пісталет з журналам выдачы забралі як доказы.

15. Улады ня могуць прадставіць ніякага альтэрнатыўнага тлумачэньня часовых выманьняў пісталету. Падчас майго візыту ў Менск сп. Сівакоў спрабаваў прадставіць тлумачэньне першай выдачы пісталету ў траўні 1999 году, але не другой, у верасьні 1999 году. Ён сьцьвярджаў, што той факт, што расстрэльны пісталет выдаваўся ў той жа час, што й дзьве падзеі, зьвязаныя са “зьнікненьнямі”, быў чыстым супадзеньнем.

16. Што да першага выманьня спрэчнага пісталету, сп. Сівакоў патлумачыў у некаторых дэталях, што выдача пісталету была матываваная дэтальным вывучэньнем пэнітэнцыярнай, у тым ліку цяперашняй сыстэмы выкананьня сьмяротных прысудаў, якую ён – як скептык адносна сьмяротных прысудаў – папрасіў правесьці, калі заняў пасаду. Ён даверыў гэтае заданьне сп. Паўлічэнку, высокакваліфікаванаму афіцэру ў спэцыяльных сілах Міністэрства ўнутраных справаў (СОБР) які падаваў надзеі ды які прыцягнуў ягоную ўвагу з прычыны сваіх выдатных баявых заслугаў і якога любілі ягоныя жаўнеры – сп. Паўлічэнка ў гэты час намесьнік сп. Сівакова як прэзыдэнт грамадзкага аб’яднаньня служачых і адстаўных жаўнераў спэцыяльных сілаў ды іх сем’яў.

У адказ на маё пытаньне сп. Сівакоў заявіў, што дасьледаваньне працы пэнітэнцыярнае сыстэмы было прадстаўленае толькі вусна, з прычыны чульлівай прыроды закранутых пытаньняў. Сп. Сівакоў пацьвердзіў, што дасьледаваньне, якое знаходзіцца пад пытаньнем, улучала выдачу пісталету з турмы СІЗА № 1, паколькі згаданае вышэй дасьледаваньне ўключала пытаньне, ці трэба набываць новы пісталет. Тады былі пляны пабудаваць новую турму, з абсталяваньнем для расстрэлаў, за 40 кілямэтраў ад Менску. Цяперашняя практыка расстрэльваньня асуджаных у турме, якая знаходзіцца проста ў цэнтры Менску, стала непрымальнай. Сп. Сівакоў падкрэсьліў, што ўсе ягоныя рашэньні мелі дачыненьне да пытаньня ўвядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне, як таго нядаўна патрабаваў беларускі парлямэнт.

17. У адказ на маё далейшае пытаньне, чаму пісталет быў выдадзены другі раз, праз чатыры месяцы, ён заявіў, што нават не памятае, што аддаваў загады з такім наступствам. Я нагадаў сп. Сівакову, што ягоны намесьнік міністра Чванкін указаў пракурору Чумачэнку, што пісталет выкарыстоўваўся для ажыцьцяўленьня “спэцыяльных захадаў, але не для навучаньня страляніне”. Пасьля адмовы сп. Чванкіна падаць больш канкрэтную інфармацыю наконт выкарыстаньня пісталету пракурор Чумачэнка спытаўся ў Міністэрства ўнутраных справаў, ці ажыцьцяўляліся з гэтай зброяй апэратыўныя захады любога кшталту, і задаволіўся адказам, зь якога ён мог толькі зрабіць выснову, што “немагчыма прыйсьці да пэўнай высновы што да таго, ці выкарыстоўвалася зброя, выдадзеная В.Н.Дзіку й В.П.Калесьніку, у апэратыўных і пошукавых захадах, якія праводзіліся супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных справаў”.

18. Я спытаўся ў сп. Сівакова, ці ня можа ён быць больш канкрэтным. Ён ня мог. Ён толькі сьцьвярджаў, што другая выдача мусіла таксама мець апэратыўныя, тэхнічныя прычыны.

19. Што датачыць першай выдачы ў траўні 1999 году, сп. Сівакоў патлумачыў у некаторых дэталях, што яна была зьвязаная са згаданым вышэй дасьледаваньнем беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы ўвогуле ды мэтаду выкананьня сьмяротнага прысуду ў прыватнасьці. Я пакідаю гэта вам – ацэньваць, ці вартае даверу тлумачэньне, якое ўлучае між іншым параўнаньне з мэтадамі, што выкарыстоўваюцца для выкананьня сьмяротнага пакараньня ў іншых эўрапейскіх краінах (так!), і сьцьвярджэньне, што такое шырокамаштабнае дасьледаваньне было праведзенае толькі вусна й было даверанае жаўнеру спэцыяльных сілаў – сп. Паўлічэнку – без адпаведнай кваліфікацыі. Сп. Сівакоў пры канцы ня выключыў, што можна знайсьці пісьмовыя дакумэнты пра выпрабаваньне пісталету – калі іх пашукаць. Але да сёньняшняга дня, нягледзячы на мае паўторныя запыты сп. Канаплёву ды іншым чыноўнікам прадставіць мне пісьмовы дакумэнт, нічога не было пададзена, што, на мой погляд, указвае, што нічога не існуе.

20. Які б давер не надавалі тлумачэньню сп. Сівакова, трэба падкрэсьліць, што ён асьвятляе ў любым выпадку толькі адзін прыклад выдачы пісталету. Што больш важна, тлумачэньні сп. Сівакова наконт дзьвюх выдачаў зьведалі важныя зьмены з таго часу, як яго апытаў пракурор Чумачэнка. У дадатак тагачасны ад’ютант сп. Сівакова В.П.Калесьнік, які спачатку прызнаўся сьлдечым, што паводле ягоных інструкцыяў перадаў пісталет сп. Сівакову, пазьней таксама зьмяніў сваю заяву пра гэта важнае пытаньне.

21. Той факт, што пракуратура не настойвала на высьвятленьні незразумелага й відавочна падазронага адказу, атрыманага ад сп. Чванкіна й Міністэрства ўнутраных справаў у адказ на свае запыты пра інфармацыю аб дакладным выкарыстаньні пісталету, таксама паказвае, што расьсьледаваньне гэтага важнага пункту не было праведзенае з патрэбнай рашучасьцю.

2. Заявы сьведкаў і матэрыяльныя сьведчаньні (сьляды фарбы, фрагмэнты аўтамабіля), якія маюць дачыненьне да месца выкраданьня Ганчара й Красоўскага.

22. Паведамленьне пракурора Чумачэнкі дае дэтальную справаздачу пра заявы сьведкаў, якія бачылі чырвоную аўтамашыну BMW, прыпаркаваную каля саўны, перад якой былі выкрадзеныя Ганчар і Красоўскі, і назіралі падазроную дзейнасьць некалькіх маладых мужчынаў ў форме. Чумачэнка таксама ўказвае, што падчас вывучэньня месца былі знойдзеныя розныя фрагмэнты аўтамабіля, плямы крыві і тармазныя сьляды, у тым ліку прыкметы чырвонай аўтамашыны, што сутыкнулася з дрэвам, зь якога былі ўзятыя для аналізу ўзоры чырвонай фарбы. Судовая экспэртыза двух аскепкаў драўніны, перададзеных для аналізу, “зрабіла выснову, што яны ўтрымлівалі прыцёртыя мікрачасьціцы акрылявай-мэлямінавай фарбы пунсовага колеру. Фарба магла быць выкарыстаная для параўнальнага аналізу, каб усталяваць яе агульны тып праз суадносіны з узорамі. Сьляды на драўніне ёсьць вынікам моцнага ўзьдзеяньня на хуткасьці”.

23. Я спытаўся ў міністра ўнутраных справаў Навумава, ці праводзіўся аналіз, які параўноўваў сьляды чырвонай фарбы, знойдзенай на месцы выкраданьня Ганчара й Красоўскага, з чырвонай BMW сп. Паўлічэнкі. Ён адказаў, што гэта мусіла быць справай сьледчых у пракуратуры. Калі я задаў тое самае пытаньне генэральнаму пракурору Шэйману на маёй сустрэчы зь ім пазьней у той жа дзень, галоўны пракурор Менску адказаў замест яго, што пракуратура ня бачыла ніякай прычыны браць фарбу з аўтамашыны Паўлічэнкі для параўнальнага дасьледаваньня, бо сьведкі, дапытаныя падчас расьсьледаваньня, ня згадвалі такі аўтамабіль, а казалі толькі пра машыны расейскай вытворчасьці кшталту “Жыгулёў”, “Масквічоў”і гэтак далей. У дадатак сьляды знойдзенай фарбы былі не чырвонымі, а вішнёвага колеру, як і “Джып”, што належаў Красоўскаму.

24. Калі я паклаў перад сп. Шэйманам высновы Чумачэнкі, ён прапанаваў падаць “пісьмовае ўдакладненьне” ад сп. Чумачэнкі. Я нагадаў, што я прасіў аб асабістай сустрэчы з Чумачэнкам.

25. Улічваючы тое, што палкоўнік Паўлічэнка быў названы падазраваным ня толькі сем’ямі зьніклых, але таксама кіраўніком крымінальнай паліцыі, што адказвае за расьсьледаваньне, генэралам Лапацікам, я лічу няздольнасьць параўнаць фарбу яснай спробай змовы й прыхоўваньня. Гэты просты акт расьсьледаваньня, і некаторыя іншыя, пералічаныя ў запыце, адрасаваным пракуратуры адвакатамі сем’яў, якія былі адкрыта адхіленыя, маглі зьмясьціць аўтамашыну сп. Паўлічэнкі ў сцэну выкраданьня й стварыць надзвычайна важную сувязь ува ўскосным сьведчаньні супраць яго.

3. Напісанае ад рукі абвінавачаньне генэрала паліцыі Лапаціка ад 21 лістапада 2000 году

26. Начальнік крымінальнай паліцыі Беларусі генэрал Лапацік адрасаваў напісаную ад рукі запіску, датаваную 21 лістапада 2000 году, міністру ўнутраных справаў Навумаву. У гэтай запісцы ён абвінаваціў В.Шэймана (у той час сакратара беларускага Савету Бясьпекі, цяпер генэральнага пракурора) ў тым, што той загадаў фізычна зьнішчыць былога міністра ўнутраных справаў Ю.Захаранку. Гэты загад быў нібыта ажыцьцёўлены камандзірам СОБРу Паўлічэнкам з дапамогай тагачаснага міністра ўнутраных справаў Сівакова, які забясьпечыў Паўлічэнку пісталетам ПБ-9, часова вынятым з турмы СІЗА № 1. Гэтая ж самая зброя, зрабіў выснову генэрал Лапацік, была выкарыстаная 16 верасьня 1999 году, калі зьніклі Ганчар і Красоўскі.

27. Пасьля таго, як адбылася ўцечка гэтай напісанай ад рукі запіскі (дапоўненай з напісанай ад рукі візай-інструкцыяй міністра ўнутраных справаў Навумава, якая прасіла генэрала Лапаціка “ажыцьцявіць”), яна была абвергнутая ўладамі як фальшыўка. Толькі пасьля таго, як я ўказаў на мажлівасьць правядзеньня графалягічнае экспэртызы, нават на базе фотакопіі, якой мы валодалі, сапраўднасьць запіскі, уцечка якой адбылася, была прызнаная: падчас майго візыту ў Менск як міністар унутраных справаў Навумаў, адрасат запіскі Лапаціка, гэтак і генэральны пракурор Шэйман пацьвердзілі, на маё вялікае зьдзіўленьне, што напісаная ад рукі спрэчная запіска, якая знаходзіцца пад пытаньнем, была сапраўды напісаная генэралам Лапацікам і завізаваная міністрам Навумавым. Сп. Навумаў і сп. Шэйман цяпер кажуць, што высновы сп. Лапаціка былі проста памылковымі ды што былі іншыя “вэрсіі” гэтай запіскі, якія былі больш сур’ёзнымі. Тыя, хто зрабіў уцечку гэтага дакумэнта й некаторых іншых з афіцыйнай справы, зрабілі неаб’ектыўны выбар, каб падтрымаць адну “вэрсію”, якая б дыскрэдытавала прэзыдэнта – як частка выбарчай кампаніі апазыцыі. Калі ласка, заўважце, што – хаця я сказаў, што ня бачыў ніякай іншай “вэрсіі” запіскі сп. Лапаціка, акрамя той, якая была абнародаваная, – ніякіх іншых вэрсіяў мне дагэтуль прадстаўлена не было.

28. Я спытаўся і сп. Навумава, і сп. Шэймана, што яны зрабілі пасьля сьцьвярджэньняў, зробленых генэралам паліцыі Лапацікам.

29. Сп. Навумаў сказаў, што перадаў запіску сьледчым у пракуратуру для далейшага расьсьледаваньня. Такім чынам, гэта быў сп. Шэйман, хто адказваў за расьсьледваньне абвінавачаньняў, зробленых кіраўніком паліцыі, – што ён сам замовіў некалькі палітычных забойстваў, калі выконваў сваю папярэднюю функцыю.

30. Сп. Шэйман заявіў, што інфармацыя, прадстаўленая ў запісцы, была “прадметам пільнага расьсьледаваньня”, але, нягледзячы на мае пытаньні, не падаў ніякай дэталі што да нейкіх прыватных зробленых сьледчых захадаў.

31. Я расцэньваю неабгрунтванае сьцьвярджэньне, што было праведзенае пільнае расьсьледаваньне, як цалкам беспадстаўнае, улічваючы той факт, што нават параўнаньне чырвонай фарбы, знойдзенай на месцы злачынства, з фарбай чырвонай аўтамашыны, якой кіраваў падазраваны, згаданы ў запісцы генэрала Лапаціка, не было зробленае.

гл. другую частку