Знайсьці спадара Грушу не было лёгка. Яго абралі на паседжаньні ПЭН-клюбу ў Мэксыцы, потым ён праехаў па гэтай краіне й вярнуўся ў Вену літаральна пару дзён таму. У сваёй прамове ў якасьці ўжо прэзыдэнта міжнароднай арганізацыі пісьменьнікаў Іржы Груша паведаміў пра новыя пляны ПЭН-клюбу. Нас зацікавіла, што менавіта будзе новага ў дзейнасьці арганазацыі. Іржы Груша ахвотна патлумачыў:
(Груша: ) “Магчыма, спалучэньне “новы плян” у гэтым выпадку гучыць неяк занадта ўзвышана, але я гэты плян распрацоўваў, зыходзячы з статутных дакумэнтаў ПЭН-клюбу. А там гаворыцца: “no politics” – ”ніякай палітыкі”. Мы мусім імкнуцца пазьбегчы палітызацыі. Безумоўна, практычна кожны літаратурны твор у любой краіне сьвету атрымлівае пэўнае палітычнае значэньне. Але толькі праз свае якасьці як літаратурнага твору, а не наадварот”.
Мы запыталіся, у чым палягае неабходная частка працы кіраўніка ПЭН-клюбу?
(Груша: ) “У пабудове добрых адносінаў зь літаратурнымі саюзамі розных краінаў. Я буду імкнуцца да таго, каб пісьменьнікі былі зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з намі. Як старшыня ПЭН-клюбу я буду імкнуцца падтрымліваць літаратуру меншых народаў, спрабаваць аб'яднаць яе зь вялікім сьветам”.
Беларускім ПЭН-клюбам пэўны час кіраваў Васіль Быкаў, цяпер яго ачольвае Лявон Баршчэўскі. Ці давялося спадару Іржы Грушу сустракацца зь беларускімі пісьменьнікамі?
(Груша: ) “На жаль, пакуль не. Але сустрэнуся зь імі з прыемнасьцю. Беларусь, гэтак жа, як і Куба, ці, напрыклад, Бірма, уваходзіць у сьпіс маіх прыярытэтных інтарэсаў. І я як прэзыдэнт ПЭН-клюбу буду ім дапамагаць. Гэта менавіта тыя людзі, якія адкрываюць сьвет сваім суайчыньнікам, менавіта яны праз 10-15 гадоў будуць мець вялікае значэньне для сваёй краіны, яны здолеюць зрабіць тое, што змаглі зрабіць мы, калі адкрылі чэскае грамадства й даказалі, што цяпер гэта той сьвет, які жыве свабодна”.
Але перш, чым перамагчы, Іржы Груша, гэтак жа і Вацлаў Гавэл ды большасьць тых, хто падпісаў Хартыю-77, быў арыштаваны, правёў некалькі месяцаў у турме. Падставай для арышту стала ягоная кніга, якая, як кажа сам Іржы Груша, была непрыемнай дял кіраўніцтва краіны.
(Груша: ) “Нарэшце мяне выпусьцілі, мая кніга была перакладзеная на некалькі моваў, выдадзеная ў розных краінах. Мяне запрасілі наведаць Нью-Ёрк. Я не зьбіраўся эміграваць. Калі аўтар траціць сувязь з мовай свайго народу, тым болей, з мовай, на якой гавораць толькі 11 мільёнаў чалавек, гэта вельмі небясьпечна для яго як для пісьменьніка. Я хацеў упершыню ў жыцьці паглядзець, што ж адбываецца там, за акіянам. Я адляцеў у ЗША і пакуль быў там, атрымаў паведамленьне, што вярнуцца ўжо не магу – мяне пазбавілі грамадзянства”.
Так для сёньняшняга прэзыдэнта ПЭН-клюба пачался эміграцыя.
(Груша: ) “Я пачаў пісаць і дапамагаць тым, хто застаўся ў Чэхаславаччыне. Я пачаў дапамагаць выдаваць кнігі, якія былі забароненыя таталітарнымі рэжымамі розных краінаў, улучна з Польшчай, СССР ды іншымі”.
Яго ўспрымалі па-рознаму. Іржы Грушу давялося пазнаёміцца з самымі рознымі палітыкамі ды грамадзкімі дзеячамі.
(Груша: ) “Прадстаўнікі левых арганізацыяў успрымалі мяне як чалавека, які выступіў з пратэстам супраць нечага. І заўсёды ў мяне пыталіся: што такое сацыялізм, ці можна захаваць гэтую сыстэму, палепшыўшы яе? Я заўсёды адказваў: “Мілыя дзеці, нічога з гэтым зрабіць немагчыма. Гэтага немагчыма рэфармаваць. Гэтага нельга назваць добрай ідэяй, якую сапсавала кепская практыка. Гэтая ідэя сама па сабе нічгона ня вартая”. Яны злаваліся. Іншыя таксама хацелі знайсьці ў маёй асобе доказ сваіх уяўленьняў пра сацыялізм. Але я заўсёды казаў: “Я не палітык, я пісьменьнік, я проста пісаў так, як хацеў пісаць, і ня зносіў палітызацыі літаратуры”.
А ці думаў спадар Груша, што будзе мець магчымасьць вярнуцца на Радзіму, стаць міністрам адукацыі, потым амбасадарам? Ці думалі яны, дысыдэнты, увогуле над тым, якім будзе жыцьцё пасьля рэжыму?
(Груша: ) “Я заўсёды гаварыў і пісаў у сваіх кнігах, што ў той сыстэмы не было будучыні. Сыстэма, угрунтаваная на прынцыпах “прымусовага шчасьця”, ня можа існаваць доўга. І няважна, у які колер гэтая сыстэма пафарбаваная – у чырвоны альбо брунатны, гэтыя сыстэмы аднолькавы антычалавечыя. У іх няма будучыні. Але калі б мне хто-небудзь сказаў, што я вярнуся дамоў, стану амбасадарам, а потым яшчэ й прэзыдэнтам міжнароднага ПЭН-клюбу, я не паверыў бы”.