БЕЛААЗЁРСКІ ГАРСАВЕТ ПАЗБАЎЛЯЕЦЦА АД КІРАЎНІКОЎ-ДЭМАКРАТАЎ

Севярын Квяткоўскі, Менск

Белаазёрск быў адзіным горадам, дзе бальшыню дэпутатаў складалі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў: БНФ і "Народнае Грамады", якія склалі ў савеце дэпутацкую групу "Ініцыятыва". Пасьля давыбараў у лістападзе ў савет прыйшлі дзесяць новых дэпутатаў ад "партыі ўлады", і хісткая перавага дэмакратаў парушылася. Вось вэрсія Юрася Губарэвіча пра падставы, паводле якіх яго адхілілі з пасады намесьніка старшыні:

(Губарэвіч: ) "Тое, што я сустракаўся з амбасадарам ЗША Майклам Козакам. Быццам бы запрашаў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у Белаазёрск. А старшыня ня меў такіх кантактаў. Напэўна, такія ягоныя асабістыя крыўды прывялі да таго, што ён вырашыў зьняць мяне з гэтай пасады. Дэпутаты паслухмяна прагаласавалі за такую прапанову".

Юрась Губарэвіч адзначае, што кантакты з замежнымі партнэрамі паспрыялі таму, што мясцовы шпіталь атрымаў дапамагу на суму 160 мільёнаў рублёў.

Што да працы мандатнай камісіі, якую ўзначальваў сябар партыі БНФ Віталь Прыхач, Юрась Губарэвіч паведаміў наступнае:

(Губарэвіч: ) "Камісія ў папярэднім складзе займалася праверкай вынікаў выбараў. Былі знойденыя пэўныя парушэньні, па некаторых зь іх патрабавалася дадатковае расьсьледаваньне. Аднак уся гэтая праца была змарнаваная".

Юрась Губарэвіч наступным чынам пракамэнтаваў сытуацыю ў гарсавеце Белаазёрску:

(Губарэвіч: ) "Савет у новым складзе пачаў з зачысткі ад уплыву непажаданых дэпутатаў: дэпутатаў групы "Ініцыятыва".