З КІМ АБО З ЧЫМ У БЕЛАРУСІ ВЫ ЗЬВЯЗВАЕЦЕ НАДЗЕЮ НА ПАЛЯПШЭНЬНЕ СВАЙГО ЖЫЦЬЦЯ Ў НАСТУПНЫМ ГОДЗЕ?

Альгерд Невяроўскі, Менск

(Дзяўчына: ) “Я зьвязваю надзею з новым пакаленьнем, з тымі людзьмі, якія цяпер навучаюцца ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Лічу, што за гэтымі людзьмі будучыня”.

(Маладая жанчына: ) “Зьвязваю з самімі беларусамі. Ня трэба ні на каго ўскладаць надзею, гэта глупая тэорыя. Сам чалавек павінен працаваць, прагрэсаваць. Зарабляць грошы й такім чынам падвышаць дабрабыт сваёй краіны”.

(Спадар: ) “Ня ведаю – ні з кім і ні з чым. Відаць, кожны павінен выкручвацца сам”.

(Дзяўчына: ) “Мне здаецца, што паляпшэньне наступіць хіба пасьля прэзыдэнцкіх выбараў”.

(Спадар: ) “Я думаю, калі надыдзе час, калі кіраўніцтва краіны зьменіць свой стыль працы або само зьменіцца. Цэны растуць, і што гавораць пра даляравую зарплату, быццам бы павялічваецца – няма паляпшэньня. Па спажывецкім кошыку гэта не заўважна. Зойдзеш у краму, на пэнсіянэраў шкада глядзець – выбіраюць што найтаньнейшае. Я думаю, пакуль кіраўніцтва не ўсьвядоміць, што трэба ствараць у Беларусі больш прывабны клімат для інвэстыцыяў, нічога ня будзе”.

(Спадарыня: ) “Зьвязваю выключна са сваім мужам. Мне больш разьлічваць няма на каго – самы надзейны чалавек”.

(Дзяўчына: ) “Толькі на сябе. Ад каго яшчэ чакаць дапамогі? Ні ад каго”.

(Спадар: ) “Спадзяюся на перавыбары, на рэфэрэндум. Які вырашыць усё станоўча. Вы мяне разумееце”.

(Дзяўчына: ) “У першую чаргу з блізкімі. Гэта людзі, якія заўсёды знаходзяцца ля мяне. На якіх я магу спадзявацца”.

(Спадар: ) “З прэзыдэнтам. Я за яго галасаваў, і мне здаецца, толькі ён можа”.

(Спадарыня: ) “Перш за ўсё трэба нашаму кіраўніцтву, прэзыдэнту больш зьвярнуць увагу на тое, каб лепш працавалі прадпрыемствы. Трэба ў краіне зьменшыць беспрацоўе, каб нашыя маці маглі нарадзіць больш дзяцей. Трэба, каб былі палепшаныя ўмовы для нашых пэнсіянэраў. Людзі шмат працавалі, а пэнсію атрымліваюць вельмі малую. Таксама прадпрыемствы працуюць па 3-4 дні на тыдзень. Ідзе дэградацыя насельніцтва – сьпіваецца народ. Немагчыма так жыць”.

Такімі былі адказы менчукоў на пытаньне: “З кім або з чым ў Беларусі Вы зьвязваеце надзею на паляпшэньне свайго жыцьця ў наступным годзе?”