Amnesty International цытуе ліст зьняволенага прафэсара: “Я вельмі ўдзячны, што пра мяне не забываюцца. Мой стан здароўя не найлепшы, я ў дэпрэсіі... Лекі не дапамагаюць і даюць шмат пабочных эфэктаў, у тым ліку і алергію. У мяне не засталося ніякіх сілаў”, – гэтак пісаў прафэсар Бандажэўскі сваёй жонцы Галіне з турмы сёлета 19 лістапада.
Amnesty International нагадвае, што прафэсар Бандажэўскі быў асуджаны на восем гадоў пазбаўленьня волі 18 чэрвеня 2001 году. Яго абвінавацілі ў атрыманьні хабару ад студэнтаў, але Amnesty International мяркуе, што прычынай зьняволеньня была крытыка дзеяньня ўладаў ў справе наступстваў чарнобыльскай аварыі. Amnesty International прызнала Бандажэўскага вязьнем сумленьня і запатрабавала ягонага неадкладнага вызваленьня.
2-га кастрычніка гэтага году прафэсару Бандажэўскаму зрабілі апэрацыю і выдалілі апэндыцыт; перад гэтым на працягу трох дзён турэмны лекар ігнараваў скаргі Бандажэўскага на апэндыцыт і меркаваў, што ён перабольшвае свой стан. Бандажэўскі быў пераведзены ў турэмны шпіталь толькі пасьля таго, як кіраўнік ягонага атраду пераканаў ахоўнікаў, што той пакутуе на вялікі боль.
10 лістапада жонка Бандажэўскага сутыкнулася зь вялікімі цяжкасьцямі, калі паспрабавала перадаць мужу чарговую перадачу зь ежай, хаця да гэтага такіх праблемаў не ўзьнікала. Гэтым жа разам ёй удалося пакінуць пакет толькі пасьля таго, як яна паказала прадстаўніку турэмнага начальства дазвол, які дало вышэйшае начальства.
Amnesty International заклікае дасылаць лісты ў падтрымку прафэсара Юрыя Бандажэўскага, зьняволенага УЖ 15/1, з патрабаваньнем забясьпечыць яму годнае мэдычнае абслугоўваньне ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі і з напамінкам, што Amnesty International патрабуе неадкладнага вызваленьня Бандажэўскага.
Amnesty International просіць пазначаць аўтараў лістоў род сваіх заняткаў, пісаць па расейску альбо па-ангельску (беларуская мова чамусьці ня ўзгадваецца; мы ж мяркуем, што адрасаты зразумеюць па-беларуску) – і накіроўваць све лісты наступным асобам:
Прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку, адрас:
220016, Менск, вуліца Карла Маркса, 38.
Факс: +375 172 26 06 10
Міністру юстыцыі Віктару Галаванаву, адрас:
220084, Менск, Калектарная, 10
Факс: +375 172 20 96 84
Міністру замежных справаў Сяргею Мартынаву, адрас:
220030, Менск, вуліца Леніна 19
Факс: +375 172 27 45 21
Кіраўніку выпраўленчай калёніі УЖ 15-1 сп. Юрыю Баранкову, адрас:
220600, Менск, Кальварыйская 36
На гэтым жа адрасе разьмешчаны і шпіталь Міністэрства ўнутраных справаў, ліст трэба дасылаць на імя яго кіраўніка спадара Тушынскага.
Amnesty International таксама нагадвае, што 9 студзеня 2004 году – дзень народзінаў прафэсара Юрыя Бандажэўскага.