КАЛЯНДАР СВАБОДЫ

РС/РСЭ

Сёньня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Варвара альбо Барбара. Нашыя продкі казалі, што на Барбару дзень пачынае павялічвацца “на казіны скок”. А яшчэ казалі: “Варвара ночы ўварвала, а дня прытачыла”.

Афіцыйна 17 сьнежня адзначаецца Дзень беларускага кіно. Як высьвятляецца, у падмурку гэтага сьвята ляжыць ня творчае дасягненьне, а бюракратычная падзея. 17 сьнежня 1924 году была заснаваная Беларуская дзяржаўная ўправа ў справах кінэматаграфіі і фатаграфіі. Скарочана – Белдзяржкіно.

17 сьнежня 1926 году ў Беларусі адбыўся перапіс насельніцтва. Згодна зь ягонымі зьвесткамі, у краіне жыло каля 5 мільёнаў чалавек. Праўда, трэба ўлічваць, што ладная частка Беларусі была ў тыя часы пад польскай акупацыяй і польская мяжа падыходзіла ледзьве не да самога Менску. Дарэчы, паводле перапісу ў Менску тады жыло 130 тысяч чалавек.

Адразу два мастацкія калектывы сьвяткуюць дзень свайго стварэньня 17 сьнежня. У 1930 годзе быў заснаваны Дзяржаўны акадэмічны народны аркестар Беларусі імя Жыновіча, а ў 1940-м – Дзяржаўная акадэмічная капэла Беларусі імя Рыгоры Шырмы.

А яшчэ 17 сьнежня ў 1950 годзе адкрыўся Барысаўскі краязнаўчы музэй.

Цяпер – біяграфічныя даты.

Сёньня спаўняецца 120 гадоў беларускаму літаратуразнаўцу Яўгену Барычэўскаму. Родам ён быў зь Менску, а па сканчэньні Менскай гімназіі вучыўся ў Бэрлінскім і Маскоўскім унівэрсытэтах. Добра адукаваны навуковец, Барычэўскі аналізаваў паэзію, чытаў лекцыі па “Тэорыі санэту” і “Паэтыцы літаратурных жанраў”, пісаў артыкулы і кнігі пра творчасьць Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна ды іншых беларускіх творцаў у кантэксьце сусьветнай паэзіі. Калі ў 1930-я гады над галавой прафэсара Барычэўскага навісьлі хмары рэпрэсіяў, ён пакінуў гэты сьвет, не дачакаўшыся ссылкі або расстрэлу, што выпалі на долю ягоных калег.

Таксама 17 сьнежня ў розныя гады прыйшлі на сьвет віцебскі гісторык і краязнаўца Даніла Васілеўскі і фотажурналіст Вячаслаў Дубінка, які вядомы таксама як пісьменьнік, што вынайшаў свой арыгінальны жанр – сьмешны дэтэктыў.