ПРАЦЭС НАД ВЯДОМЫМ БАНКІРАМ ЯЎГЕНАМ КРАЎЦОВЫМ ЗНОЎ ПРЫПЫНІЎСЯ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

16 сьнежня ў Маскоўскім судзе Менску літаральна на паўгадзіны аднавіўся і зноў быў прыпынены працэс над вядомым банкірам Яўгенам Краўцовым, былым старшынём праўленьня “Менсккомплексбанку”. Яўгену Краўцову пагражае 10 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці за крадзеж крэдыту праз злоўжываньне службовым становішчам. Таксама яму інкрымінаваныя іншыя эканамічныя злачынствы. Вінаватым сябе банкір не прызнае. Ён ужо адбыў у сьледчым ізалятары больш за год, але не зьмяніў гэтай пазыцыі.

Сёньня суд разгледзеў два важкія хадайніцтвы. Першае, ад Яўгена Краўцова, не было задаволенае. Банкір прасіў дапусьціць да абароны ягоную жонку Людмілу, але суд спаслаўся на тое, што ў абвінавачанага ўжо ёсьць прафэсійны адвакат. А вось з другім хадайніцтвам, зь якім выступіў прадстаўнік пракуратуры, суд пагадзіўся. Пракуратура нечакана папрасіла яшчэ месяц на дадатковыя “сьледчыя ды іншыя дзеяньні”. Што дакладна маецца на ўвазе, прадстаўнік абвінавачаньня не патлумачыў, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва. Ён толькі заўважыў, што ў рукі сьледзтва нібыта трапілі нейкія новыя дакумэнты.

Заўважу, што фармальна працэс над Яўгенам Краўцовым цягнецца ўжо каля трох месяцаў, але за гэты час было праведзена толькі некалькі паўнавартасных паседжаньняў. На думку адваката Алега Дубаўца, чарговая паўза ў працэсе сьведчыць пра тое, што даказаць віны банкіра не ўдаецца.

(Дубавец: ) “Ім яўна не хапае тых доказаў, якія ўжо прадстаўленыя суду, і таму просяць яшчэ месяц на збор доказаў”.

У сучаснай Беларусі пэрыядычна праводзяцца працэсы над былымі банкірамі. На ўсіх працэсах фігуруюць нібыта скрадзеныя крэдыты. Першым за страту 1 мільёну даляраў быў асуджаны Міхаіл Чыгір, які 10 гадоў таму кіраваў “Белаграпрамбанкам”. Хаця ў судзе не было даказана, што менавіта Міхаіл Чыгір скраў гэтыя грошы, яго асудзілі ўмоўна за службовыя злоўжываньні, а таксама суд пастанавіў утрымаць зь яго 1 мільён даляраў.

Пасьля Чыгіра 3 гады турмы з канфіскацыяй маёмасьці атрымаў былы старшыня праўленьня “Беларусбанку” Ўладзімер Хілько, які паводле суду спрычыніўся да зьнікненьня шматтысячнага крэдыту. Цяпер пад сьледзтвам знаходзіцца былы старшыня праўленьня “Белпрамбудбанку” Мікалай Ракаў, якога таксама падазраюць у фінансавых злачынствах. Сьледзтва паводле справы Мікалая Ракава цягнецца ўжо больш за дзевяць месяцаў, але справа ў суд ніяк не перадаецца.