НОВЫЯ ПАДАТКІ Ў 2004 ГОДЗЕ

Ганна Соусь, Менск

Намесьнік міністра фінансаў Беларусі Іван Шунько тлумачыць рашэньне зьменшыць падатак на даданую вартасьць наступным чынам:

(Шунько: ) “Зьмена стаўкі падатку на даданую вартасьць зьвязаная з тым, што гэты падатак з 20 да 18% зьнізіў наш асноўны эканамічны партнэр — Расея. Такім чынам, з мэтай уніфікацыі і дзеля таго, каб не было праблемаў з падаткаабкладаньнем і канкурэнтаздольнасьцю нашай прадукцыі на расейскім рынку, мы таксама ўсталёўваем стаўку падатку 18%”.

Паводле Івана Шунька, ад зьніжэньня стаўкі падатку беларускія прадпрыемствы атрымаюць дадаткова звыш 300 мільярдаў рублёў, і адпаведна на гэтую ж суму паменшыцца даходная частка бюджэту. Пры гэтым беларускі бок па-ранейшаму не пагаджаецца на ўвядзеньне, як у Расеі, адзінага падаходнага падатку 13%.

Іван Шунько распавядае пра іншыя зьмены ў беларускім падатковым заканадаўстве ў наступным годзе:

(Шунько: ) “Некаторыя зьмены ўносяцца ў заканадаўства, якое рэгулюе выплаты за зямлю. Мясцовым саветам будзе дазволена (пры ўмове, што закон будзе прыняты) павялічваць стаўкі толькі ўдвая. Вы памятаеце праблему, якая была з выплатамі за зямлю сёлета, калі мясцовыя саветы прымалі рашэньне аб павялічэньні стаўкі гэтага падатку ў тры, чатыры й пяць разоў”.

Паводле Івана Шунька, у наступным годзе адмяняецца зьніжаная стаўка падатку на прыбытак у памеры 15%, якая дзейнічала для асобных прадпрыемстваў, у асноўным сельскагаспадарчых. Цяпер усе прадпрыемствы будуць плаціць падатак 24%.

Камэнтуючы на просьбу Радыё Свабода прапанову дэпутата Палаты прадстаўнікоў Васіля Хрола аб абкладаньні ўладальнікаў мабільных тэлефонаў падаткам на даданую вартасьць, намесьнік міністра фінансаў Іван Шунько зазначыў наступнае:

(Шунько: ) “Прапанова дэпутата Хрола была ўнесеная на сустрэчы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з прэзыдэнтам. Гэтая прапанова разглядаецца. Калі дэпутаты яе падтрымаюць, значыць, такі падатак будзе. Калі Міністэрства фінансаў разглядала прапанову аб унясеньні зьменаў у заканадаўства, то яно такіх прапановаў ня ўносіла”.

Кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў лічыць, што падатак на карыстаньне мабільнай сувязьзю ня выправіць сытуацыі ў беларускай эканоміцы.

(Злотнікаў: ) “У нашай краіне ўжо ўсё што можна падабралі. І цяпер ідуць пошукі, што яшчэ абкласьці, што яшчэ зьесьці, каб яшчэ адзін год пражыць. Гэты падатак як мёртваму прыпарка дапаможа рашэньню нашых праблемаў. Трэба рабіць зусім іншае, трэба як нашы суседзі рабіць рэформы”, — лічыць кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў.

Дадам, што 15 сьнежня на сэсіі Палаты прадстаўнікоў будзе разглядацца праект бюджэту ў другім чытаньні і праект закону аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у заканадаўчыя акты, што датычаць падаткаабкладаньня.