ШКОЛЬНЫХ МЭДАЛІСТАЎ ПАЗБАВІЛІ ПРЫВІЛЕЯЎ

Ганна Соўсь, Менск

Новыя правілы прыёму ў ВНУ ўжо зацьверджаныя пастановай Міністэрства адукацыі й неўзабаве зьявяцца ў друку. Я папрасіла патлумачыць сутнасьць зьменаў прадстаўніка Міністэрства адукацыі Юр’я Міксюка:

(Міксюк: ) “Уступныя іспыты будуць праводзіцца ў выглядзе абавязковага цэнтралізаванага тэставаньня, альбо тэставаньня ў ВНУ. Абавязковае цэнтралізаванае тэставаньне датычыцца расейскай альбо беларускай мовы. Яно таму й называецца абавязковым, таму што больш па расейскай альбо беларускай мове ўступныя іспыты нідзе праводзіцца ня будуць. Толькі ў тэрміны, вызначаныя ў правілах прыёму. Па беларускай мове 30 траўня, па расейскай – 6 чэрвеня. Для тых, хто ў гэтыя тэрміны паводле нейкіх уважлівых прычынаў ня здолее прайсьці тэставаньне, вызначаны яшчэ адзін тэрмін – 13 чэрвеня. Абавязковае цэнтралізаванае тэставаньне праводзіцца на бюджэтнай аснове”.

Абавязковае цэнтралізаванае тэставаньне адначасова будзе й выпускным, і ўступным. Дрэнны вынік тэсту зачыняе перад выпускніком дзьверы ВНУ як мінімум да наступнага году, бо ён ня мае магчымасьці паступіць нават на платнае навучаньне. І як адзначаецца ў сёньняшняй “Настаўніцкай газэце”, у гэтай сытуацыі ў выйгрышы апынуцца філіі замежных ВНУ ў Беларусі, якія вядуць прыём паводле ўласных правілаў.

Што да двух астатніх іспытаў з профільных спэцыяльнасьцяў, то ў новых правілах прыёму дакладна тлумачыцца, якія гэта дысцыпліны:

(Міксюк: ) “Па такіх агульнаадукацыйных прадметах, як фізыка, матэматыка, біялёгія, замежная мова, уступныя іспыты будуць праводзіцца як цэнтралізаванае тэставаньне паводле жаданьня абітурыэнтаў на платнай аснове. І калі абітурыэнта задавальняе бал, які ён атрымаў, ён будзе падаваць гэты сэртыфікат у прыёмныя камісіі ВНУ. Калі ён прайшоў тэставаньне за плату й не пажадае падаваць сэртыфікат, то ён можа яшчэ прайсьці іспыты ў ВНУ па гэтых прадметах і таксама тэставаньне”.

Паводле Юр’я Міксюка, цэнтралізаванае тэставаньне будзе каштаваць не вышэй за 10 даляраў ЗША. Юры Міксюк таксама адзначае, што ў гэтым навучальным годзе ў якасьці экспэрымэнту прыём абітурыэнтаў у Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт будзе весьціся толькі паводле вынікаў цэнтралізаванага тэставаньня. А гэта значыць, што ў самім унівэрсытэце ўступныя іспыты праводзіцца ня будуць.

Дарэчы, міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў на нядаўняй калегіі прапанаваў усім беларускім ВНУ выкарыстаць досьвед Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, які ён раней ўзначальваў, дзе сёлета хаця б адзін іспыт праходзіў у форме тэста.

Адметнасьцю новых правілаў прыёму ў ВНУ будзе й тое, што цяпер мэдалісты пастаўленыя фактычна ў роўныя ўмовы зь іншымі абітурыентамі – яны будуць здаваць усе іспыты. Для мэдалістаў захаваная толькі адна льгота – пераважнае права залічэньня пры аднолькавай колькасьці балаў.