Паводле дадзеных дзяржаўнага Агенцтва ў вырашэньні праблемаў, зьвязаных з алькаголем, сёлета, у параўнаньні зь мінулым годам, спажываньне алькагольных напояў у Польшчы павялічылася на 15%. Прычым гарэлкі было прададзена болей на 25%.
Менавіта гарэлка на пачатку гэтага году патаньнела найбольш, пасьля таго як урад вырашыў зьменшыць памер акцызаў на алькагольныя вырабы, каб зрабіць непрыбытковай кантарабанду моцных напояў у Польшчу. Часткова гэты эфэкт быў дасягнуты.
(Кіраўнічка крамы: ) “Продаж гарэлкі ў краме сапраўды павялічыўся. Людзі гатовыя запалаціць нават трохі больш, але каб купіць гарэлку, якую можна спажываць”.
Сапраўды, летась, калі ў крамах найтаньнейшная гарэлка каштавала прыкладна 4-5 даляраў, дык гандляры зь Беларусі прадавалі гарэлку беларускую па 3 даляры. Цяпер прыкладна за 3,5 даляры можна купіць бутэльку і ў краме, таму кантрабанда стала менш прыбытковай.
Навукоўцы высьветлілі, што сёлета спажываньне алькаголю ў Польшчы павілічылася не з прычыны эканамічнага крызісу ці зьмены каштоўнасьцяў, а менавіта ў выніку зьніжэньня цэнаў.
(Прадстаўнік агенцтва: ) “Няма чаго зьдзіўляцца. Навукоўцы ўжо даўно давялі, што ўзровень коштаў, у тым ліку гэта тычыцца і алькаголю, ёсьць надзвычай важным інструмэнтам уплыву на ўзровень спажываньня розных тавараў”.
Упершыню за апошнія гады сёлет ў агульнай колькасьці спажытага алькаголю зьменшылася колькасьць піва – яно складае 48% ад усіх выпітых напояў, на 4% менш, чым летась.
Пасьля абвяшчэньня выінікаў дасьледаваньняў Міністэрства аховы здароўя Польшчы заявіла, што рашэньне пра зьніжэньне акцызаў на моцныя напоі мусіць быць яшчэ раз уважліва перагледжанае. Гаворыць міністар аховы здароўя Польшчы Лешэк Сікорскі:
(Сікорскі: ) “Гэта мусіць быць папярэджаньнем для нас. Добра, што буджэт атрымлівае больш грошай, бо яны ня йдуць кантрабандыстам. Добра, што мы купляем напоі ў крамах, дзе яны сапраўдныя. Але гэта ўсё адно пагражае павелічэньнем колькасьці людзей, хворых на алькагалізм”.
Нягледзячы на сёлетняе падвышэньне ўзроўню продажу моцных напояў, Польша пакуль застаецца ў другім дзясятку ў сьпісе краінаў–рэкардсмэнаў у спажываньні алькаголю.
За кошт 1 бутэлькі найбольш таннай гарэлкі (12 злотых) у Польшчы можна купіць 2,5 кг сасісак, ці 2,5 –3 кг курынага мяса, ці 1,5 кг вэнджанага “бочка”, ці 1 кг сыру, ці 6 кг бананаў, ці 6 банак польскага піва.