ЦІ ВЕРНУЦЦА ГРОШЫ САДАМА Ў ІРАК?

Кастусь Бандарук, Прага

Мяркуецца, што ад часу заканчэньня вайны ў Пэрсідзкай затоцы да красавіка сёлета Садам Хусэйн здолеў схаваць на замежных рахунках значныя сумы ад продажу нафты. Праўдападобна, каля 500 мільёнаў даляраў знаходзяцца на рахунках у банках Ярданіі, гэтулькі ж у Ліване, а таксама значныя сумы ў банках іншых краінаў рэгіёну. Выглядае, што вярнуць Іраку садамаўскія грошы будзе ня проста, хаця пэўныя зрухі ў гэтай справе ёсьць.

У чацьвер кароль Ярданіі Абдула сустрэўся ў Белым доме з прэзыдэнтам Бушам, і пытаньне Іраку было асноўнай тэмай іхных перамоваў. Што тычыцца Сырыі, дык яна прызнала, што пэўныя грошы былога ірацкага рэжыму знаходзяцца на рахунках дзяржаўнага Камэрцыйнага банку. У кастрычніку сёлета прадстаўнікі ЗША і Кіраўнічай Рады Іраку атрымалі доступ да гэтых рахункаў, але зьявіліся й перашкоды.

ЗША і сырыйскія ўлады згодныя ў тым, што ў сырыйскіх банках знаходзіцца прыблізна 250 мільёнаў даляраў, аднак Кіраўнічая Рада Іраку кажа, што болей. “Мы патрабуем вяртаньня з Сырыі 3 мільярдаў даляраў”, – заявіў сябра Рады Гайдар Ахмэд. Аднак, на думку вайсковага аташэ Сырыі ў Вашынгтоне Імада Мустафы, гэта перабольшаная сума. Такое патрабаваньне ставіць Дамаск ў клапатлівую сытуацыю, бо калі вярнуць чвэрць мільёна, дык скажуць – давайце болей, – лічыць Мустафа.

Дамаск настойвае на тым, што ірацкія грошы, прыблізна 750 мільёнаў даляраў, павінны пайсьці ў першую чаргу на выплату запазычанасьці перад сырыйскімі бізнэсоўцамі. Паводле Імада Мустафы, перад сёлетняй вайной ў Іраку сырыйскія бізнэсоўцы пастаўлялі ў Ірак лекі і харчы, за якія Багдад не пасьпеў ім заплаціць. Сырыя цьвердзіць, што ўсё гэта адбывалася ў рамках санкцыянаванай ААН праграмай “нафта за харчы”, аднак, на думку ЗША, гэтыя грошы былі заробленыя ў выніку нелегальных транзакцыяў, з парушэньнем санкцыяў ААН.

Так ці інакш, для ЗША вяртаньне ў Ірак грошай, схаваных рэжымам Садама Хусэйна, надзвычай важнае, паколькі гэтыя сродкі маюць быць ужытыя на адбудову Іраку. Са свайго боку, ЗША ўжо вярнулі ў Ірак пераважную частку з амаль 2 мільярдаў даляраў, з раней замарожаных рахункаў. Астатняя частка мае быць скарыстаная на выплату Багдадам розных кампэнсацыяў: напрыклад, для амэрыканскіх вайскоўцаў, якія ў часе першай вайны ў Пэрсыдзкай Затоцы трапілі ў ірацкі палон і былі катаваныя.

Паводле аналітыкаў, у дачыненьнях з Дамаскам ЗША ўжываюць правераную тактыку “бізуна і перніка”. Праўда, Кангрэс дазволіў прэзыдэнту Бушу ўвесьці санкцыі супраць Сырыі ў асноўным за тое, што яна падтрымлівае міжнародны тэрарызм, аднак таваразварот паміж дзьвюма краінамі чыста сымбалічны. ЗША спадзяюцца, што Сырыя ўсё ж верне Іраку садамаўскія грошы, аднак паводзяць сябе даволі стрымана, бо насамрэч маюць вельмі абмежаваныя магчымасьці ціску на Дамаск.