БЫЛУЮ ДЫРЭКТАРКУ ГАЛЕРЭІ “ШТАНДАРТ” СУДЗЯЦЬ ПАВОДЛЕ ПАДАЗРЭНЬНЯЎ У МАХЛЯРСТВЕ З “ГАБЭЛЕНАМ СТАГОДЗЬДЗЯ”

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Марыя Дзялун, працэс над якой пачаўся ў Маскоўскім судзе Менску, набыла вядомасьць дзякуючы славутаму “Габэлену стагодзьдзя” беларускага мастака Аляксандра Кішчанкі. На гэтым габэлене 14 на 19 мэтраў вытканыя выявы многіх дзеячоў 20 стагодзьдзя, у тым ліку і Аляксандра Лукашэнкі. Аўтар лічыў, што гэта дапаможа камэрцыйнаму посьпеху ягонага твору, але продажу габэлену не дачакаўся.

У 1997 годзе мастак Аляксандар Кішчанка памёр, і далей лёсам ягонага габэлену, які ў той час быў унесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса і абвешчаны гісторыка-культурнай каштоўнасьцю Беларусі, займалася дырэктар прыватнай мастацкай галерэі Марыя Дзялун. У яе былі пляны продажу габэлена каму-небудзь з расейскіх алігархаў ці выстаўленьне на вядомы аўкцыён “Сотбі”. Але дзеля гэтага, паводле Марыі Дзялун, былі патрэбныя грошы. Яна пачала пазычаць іх ў звычайных грамадзянаў Беларусі, абяцаючы немалыя, ад 8 да 20%, прыбыткі штогоду.

Высьветлілася, што гэтыя абяцаньні не былі выкананыя і жанчына нібыта проста падманвала даверлівых суайчыньнікаў. Адна з падманутых укладчыц праекту пад умоўнай назвай “Габэлен стагодзьдзя” Элеанора С. паскардзілася ў судзе:

(Пацярпелая: ) “Яна прыкрывалася вядомымі імёнамі: Лукашэнка, Філарэт. Паказвала фатаздымкі, на якіх яна зь імі сфатаграфаваная. Ды абяцала, што зь іх дапамогай выгадна прадасьць габэлен і з намі за ўсё разьлічыцца. А мы, беларусы, даверлівыя людзі, і з гэтай прычыны пацярпелі”.

Сама пацярпелая ў 1996 годзе пазычыла на рэалізацыю габэлену 21 тысячу даляраў і дагэтуль іх не вярнула. А ўсяго ў справе Марыі Дзялун фігуруе 233 пацярпелыя, агульная запазычанасьць перад імі дырэктаркі галерэі “Штандарт” складае больш за 200 тысяч даляраў. Дарэчы, вінаватай сябе ў махлярстве яна не прызнае, але большую частку доўгу вярнуць пагаджаецца. Марыя Дзялун дагэтуль лічыцца ўладальніцай трэцяй часткі габэлену Аляксандра Кішчанкі. Калі суд прызнае Марыю Дзялун вінаватай, ёй пагражае да 10 гадоў турмы.

Паводле некаторых ацэнак, габэлен нібыта каштуе больш за мільён даляраў, але пакуль ніхто ня выказаў жаданьня заплаціць за яго такія грошы. Цяпер удава мастака Ніна Кухарэнка спадзяецца на тое, што ўладкаваць унікальны твор мужа дапаможа беларуская дзяржава. Але пакуль чыноўнікі не асабліва шануюць габэлен з выявай кіраўніка краіны.

(Кухарэнка: ) “Асабіста я прапаноўвала разьмесьціць габэлен у новай Нацыянальнай бібліятэцы, якую ўжо будуюць, але са мной не пагадзіліся. Цяпер разглядаецца варыянт Музэю сучаснага мастацтва, які плянуецца пабудаваць на Юбілейнай плошчы. Аднак гэта толькі праект, ягонай рэалізацыі мы наўрад ці дачакаемся”.

З 1996 году “Габэлен стагодзьдзя” тройчы выстаўляўся ў розных памяшканьнях Менску, у тым ліку ў Палацы Рэспублікі яго паказвалі прэзыдэнтам краінаў СНД. Але цяпер становішча твору не выклікае зайздрасьці. Ён ляжыць згорнутым на падлозе ў майстэрні аўтара. Адмыслоўцы кажуць, што ў такім стане габэлен з воўны можа захоўвацца ня больш за 10 гадоў.