МАЛАДЫЯ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫ СУДЗЯЦЦА ЗЬ МІНЮСТАМ

Любоў Лунёва, Менск

На паседжаньні Вярхоўнага суду прысутнічалі некалькі маладых сацыял-дэмакратаў, лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч і журналісты. Тры гадзіны прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнай партыі аргумэнтавалі сваю нязгоду з рашэньнем Мінюсту і задавалі пытаньні прадстаўніцы гэтага міністэрства. Судзьдзі Тацяне Сакалоўскай давялося некалькі разоў задаваць патаньні прадстаўніцы міністэрства наконт кожнага з пунктаў пісьмовай адмовы, каб пачуць канкрэтны адказ. Нават на пытаньне: “Чаму парушылі тэрміны адказу на заяву аб рэгістрацыі?”, прадстаўніца Мінюсту так і ня здолела адказаць пэўна. Было відавочным і раздражненьне прадстаўніка пракуратуры. Лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч так пракамэнтаваў гэта Радыё Свабода:

(Статкевіч: ) “Не ўпершыню ствараецца такая сытуацыя, калі рэгіструючы орган, Міністэрства юстыцыі, перадае на рэгістрацыю дакумэнты недзяржаўнай арганізацыі, разумеючы, што там усё нармальна, а так званы рэгіструючы орган, а па сутнасьці, наглядальны орган з боку адміністрацыі прэзыдэнта, вяртае гэтыя дакумэнты назад. Вось тады бедны мінюст вымушаны шукаць самых недарэчных падставаў, каб даказаць, што гэтая арганізацыя ня вартая рэгістрацыі. Безумоўна, падставы гэтыя, знойдзеныя ў сьпешцы, бываюць самыя сьмешныя”.

Намесьнік страшыні моладзевай арганізацыі Мікола Худнецкі, удзельнік працэсу, абураўся, што прадстаўніца міністэрства слаба падрыхтавался да судовага разьбіральніцтва:

(Худнецкі: ) “Сёньняшні працэс паказаў, што існуе парацыя працы з моладзьдзю. Было дзіўна глядзець, як Міністэрства юстыцыі апраўдвае рашэньне, якое было прынята ня ім. Сьмешна было глядзець, як Міністэрства юстыцыі спасылаецца на ўласныя правілы і ня лічыць, што вышэй за іх могуць быць закон і Канстытуцыя. Гэта па-першае. Па-другое, чаму нас не рэгіструюць другі раз? Таму што мы адкрыта кажам пра сацыял-дэмакратыю. Гэта нашыя прынцыпы. У краіне рашэньне аб рэгістрацыі ці нерэгістрацыі прымае адзін орган — гэта рэспубліканская камісія аб рэгістрацыі, кіраўнік якой зьяўляецца намесьнікам кіраўніка адміністраці прэзыдэнта камісіі па ідэалягічных пытаньнях. А ідэалёгіяй у нас займаецца толькі адна моладзевая арганізацыя — гэта БРСМ, а іншых не існуе”.

Судзьдзя Тацяна Сакалоўская прызначыла новае паседжаньне на 8 сьнежня. Назіральнікі лічаць, што перапынак зроблены дзеля таго, каб бок Міністэрства юстыцыі падрыхтаваўся больш грунтоўна.