Вёска Княжыцы знаходзіцца на тэрыторыі сельскай гаспадаркі “Гарадзец”. Мясцовыя пэнсіянэркі скептычна паставіліся да ідэі прывозіць да іх экскурсіі:
(Спадарыня: ) “Ой, няхай ня едуць, не пазораць ужо гэтага Лукашэнку. Адзін тут сарай ён паставіў, дзе гэтыя каровы, ды і ўсё”.
Людзі скардзяцца, што ў “Гарадцы” плацяць некалькі дзясяткаў тысяч рублёў ды яшчэ з затрымкамі, ад таго і жывуць яны дрэнна. Вяскоўцы разважаюць, што ж яны могуць паказаць турыстам:
(Спадарыня: ) “Развал прэзыдэнцкага калгасу? Умовы, у якіх калгасьнікі жывуць і працуюць? А-а, існуем, а не жывем”.
Жанчыны гавораць, што галасавалі на выбарах за Лукашэнку, аднак лічаць, што ганарыцца “Гарадцом” яму не выпадае.
(Спадарыня: ) “Наколькі мы ведаем, як ён тут сябе паводзіў, як рабочыя страйкі рабілі, то чым можна хваліцца?”
З магчымых турыстычных месцаў вяскоўцы называюць толькі крыніцу ў Княжыцах і новую школу ў Гарадцы:
(Спадар: ) “Глядзець, уласна кажучы, няма чаго. Ну так толькі, месцы баявой славы — гэта пра прэзыдэнта. Тут ён сядзеў. Тут працаваў, тут кіраваў. Выбары ж хутка, таму ўсё правільна”.
Тым ня менш, у Гарадцы лічаць, што турысты пойдуць ім на карысьць. Маўляў, у краме пашыраць асартымэнт, пафарбуюць і прыбяруць.
(Спадар: ) “Вунь я ўжо гляджу, у камбайнах колы белыя сталі. Лоск нейкі наводзяць у меру сілаў. Зьнешні выгляд. А як атрымлівалі людзі капейкі, так і будуць”.
У самім Шклове турыстам могуць запрапанаваць шмат месцаў для наведваньня. Суразмоўцы называюць комплекс для адпачынку на Лысай гары, школу ў будынку былой Ратушы, царкву, парк. Яны ганарацца зьнешнім выглядам свайго Шклова:
(Спадар: ) “Як гарадок, а ня вёска. Раней было не прайсьці, коні і куры гадзілі. Цяпер чыста і прыгожа, фарбуецца”.
Людзі называюць Шклоў маленькім Парыжам, і лічаць, што гэта падарунак Лукашэнкі сваім землякам:
(Спадарыня: ) “Дзякуючы яму ў нас горад стаў больш прыгожы. Чыста, акуратны. Кветкі ўсюды — вельмі прыгожа. Такога ў нас у жыцьці не было”.
Шклоўцы лічаць, што горад атрымае і матэрыяльныя выгады ад турыстаў. Бо тут шмат крамаў, гавораць яны, а вось грошай у людзей мала. Дарэчы, крама — гэта першае, што прапануюць наведаць у вёсцы Рыжкавічы.
(Спадарыня: ) “На дарозе ў нас крама “Дары”. Што хочаш, тое і бяры. Усё тут ёсьць”.
Прыгарадныя Рыжкавічы, лічаць тутэйшыя, зьмяніліся ў горшы бок з таго часу, калі тут жыў Лукашэнка. Старыя паміраюць, іх дамы выкарыстоўваюцца як лецішчы альбо стаяць пустыя.
(Спадарыня: ) “Бессэнсоўна, турыстам глядзець няма чаго, адныя разваліны, сьметнікі. А што мясцовыя жыхары? Яны ўсе зачыненыя. Больш сядзяць у хатах. Раней тут моладзь гуляла, весяліліся, а цяпер — не”.
У бабулі Ніны хата заўсёды зачыненая, яна баіцца злодзеяў, аднак гатовая прыняць турыстаў. Старая гаворыць, што хоча паказаць, як добра цяпер жывуць людзі ў параўнаньні з ваеннымі часінамі, якія яна перажыла.
(Спадарыня: ) “Ну, канечне, у мяне там мэблі няма, а так усё чыста, акуратна, паклеена што трэба. Сабакі два, пяць курэй ёсьць. Мне добра, я скажу”.
У Рыжкавічах мяркуюць, што турысты захочуць паглядзець на дом Галіны Лукашэнкі.
(Спадарыня: ) “Во дом Галіны Радзівонаўны. Што ён, дом? Ахоўваецца, стаіць на рагу. Стаіць міліцыя. Пабудавалі сабе, ды і ўсё. Добрага тут нічога няма”.
Дарэчы, тактоўнасьць у дачыненьні да асобаў, блізкіх да Аляксандра Лукашэнкі, вылучылі б умовай для правядзеньня экскурсіяў шклоўскія улады. Аднак, паводле зьвестак з раённага савету дэпутатаў, прадстаўніцтвы “Белінтурысту” афіцыйна не зьвярталіся да мясцовых уладаў, і пагадненьні аб турызьме тут не падпісвалі. Хаця ў Шклове запэўніваюць, што будуць радыя бачыць турыстаў у сваім горадзе.