АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ЗАПАТРАБАВАЎ ЗАБЯСЬПЕЧЫЦЬ У 2004 ГОДЗЕ РОСТ ВАЛАВОГА ЎНУТРАНАГА ПРАДУКТУ НА 10%

Юлія Шарова, Менск

Лукашэнка ўзьняў плянку росту ВУП на нечуваную для апошніх год вышыню — 10% — яшчэ 13 лістапада, калі даручыў ураду. Дагэтуль Міністэрства эканомікі прапаноўвала прагнозны рост ВУП на ўзроўні 6–7%. Прадстаўнікі ўраду неадначасова выказвалі меркаваньні наконт таго, што выканаць плян будзе цяжка, беларускія прадпрыемствы могуць ня вытрымаць такой нагрузкі. Аднак Аляксандар Лукашэнка загадаў пералічыць прагноз макраэканамічных паказьнікаў на 2004 год у бок павелічэньня.

(Лукашэнка: ) “Я хачу, каб урад дакладна ўяўляў сабе, што гаворкі ня можа быць пра невыкананьне ў вызначальным годзе, вырашальным годзе, у чацьвертым годзе пяцігодкі тых ці іншых паказьнікаў. Усё павінна быць выканана, як я ўжо казаў”.

Вядома, што напярэдадні нарады ў Лукашэнкі Міністэрства фінансаў нанова разьлічыла праект бюджэту-2004 — зыходзячы з таго, што рост ВУП складзе 8–9%. На думку адмыслоўцаў Мінфіну, гэта дасьць дадаткова 101 мільярд рублёў.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Іван Пашкевіч са скепсысам глядзіць на загад Лукашэнкі давесьці ў наступным годзе рост ВУП да 10%. На ягоную думку, урад з такой задачай ня справіцца.

(Пашкевіч: ) “Я мяркую, што пры тых падыходах, якія былі да сёньняшняга дня, выканаць гэтыя 10% немагчыма. Немагчыма, бо цягам некалькіх гадоў усе з шаснаццаці паказьнікаў, па якіх даюць адзнаку працы ўраду, не выконваюцца. І толькі пасьля вельмі жорсткага прэсінгу з боку кіраўніка краіны, пасьля неаднаразовых паседжаньняў нашаму ўраду ўдаецца выканаць дзесяць паказьнікаў. Але ніколі яшчэ не было, каб усе шаснаццаць”.

Што да праекту бюджэту на наступны год, то на думку дэпутата Пашкевіча яго прымуць у любым выглядзе: заканадаўцам потым прасьцей перакласьці віну за невыкананьне бюджэта на распрацоўшчыкаў. То бок на ўрад.

Эканаміст Яраслаў Раманчук, адзін з аўтараў альтэрнатыўнага бюджэту на 2004 год, лічыць, што калі афіцыйны бюджэт і будзе выкананы, то ніяк не за кошт росту ВУП. Спадар Раманчук нагадвае пра тое, што ў праект закладзена шмат новых падаткаў, якія будуць плаціць звычайныя грамадзяне. Напрыклад, гэта новы падатак на бэнзын і дызпаліва, павелічэньне абарачальнага падатку з карыстальнікаў аўтамабільнымі дарогамі, а таксама рэзка падвышаныя акцызы на алькаголь ды тытунь.

(Раманчук: ) “Я мяркую, што гэты бюджэт, безумоўна, будзе вельмі цяжкі для выкананьня, а маніпуляцыі з мэтодыкай падліку ВУП ніякім чынам не адаб’юцца на якасных паказьніках нашага рэальнага сэктару і, безумоўна, банкаўскага сэктару, бо адзінай крыніцай, зь якой ён яшчэ можа чэрпаць грошы — гэта беларускія камэрцыйныя банкі”.