КАЛЯНДАР СВАБОДЫ

Ул. інф.

2 сьнежня 1591 году ў Менску ствараецца брацтва мэталаапрацоўчых рамёстваў – першае цэхавае ўтварэньне ў сучаснай беларускай сталіцы. Наступнымі будуць кравецкі, шавецкі, злотніцкі, рымарскі, цырульніцкі ды іншыя цэхі. Але, як бачым, сваю першую любоў да мэталаапрацоўкі Менск захаваў да сёньняшняга дня, бо нідзе ў Беларусі няма такой колькасьці прадпрыемстваў, што займаюцца менавіта апрацоўкай мэталаў.

2 сьнежня 1989 году нарадзілася слова. Як сьведчыць журналіст Аляксандар Максімюк, адбылося гэта ўвечары ў горадзе Бельску-Падляскім. У часе мазгавога штурму паміж сябрамі Беларускага Аб'яднаньня Студэнтаў у Польшчы (БАС) гісторык Алег Латышонак упершыню прамовіў слова «Басовішча». Так з наступнага лета стаў называцца самы папулярны беларускі фэстываль рок-музыкі, які штогод праводзіцца за польскай мяжою.

Біяграфічныя даты.

2 сьнежня 1776 году ў маёнтку Юркаўшчына на Мсьціслаўшчыне нарадзіўся Анёл Доўгірд, беларускі філёзаф. Ён выкладаў у школах ордэну піяраў у Лідзе, Шчучыне, Віцебску, быў прафэсарам Віленскага ўнівэрсытэту. Крытыкаваў філязофію Канта за яе фармалізм, дасьледваў ролю фантазіі ў творчасьці і мастацтве.

2 сьнежня 1886 году ў вёсцы Капланцы былога Ігуменскага павету нарадзіўся Мікола Равенскі. Музычная спадчына беларускага кампазытара Равенскага магла б скласьці гонар любому народу. У самой Беларусі гэтая спадчына толькі сёньня стала даступнай для шырокае публікі, яна актыўна вывучаецца спэцыялістамі, яе ахвотна выконваюцуь музыкі. Згадаем толькі адзін, самы вядомы твор Равенскага – гімн-малітву «Магутны Божа» на верш Натальлі Арсеньневай. Апошнія гады жыцьця кампазытар жыў у Бэльгіі, у горадзе Лювэне, дзе кіраваў студэнцкім харавым ансамблем пры тамтэйшым ўнівэрсытэце. Памёр Мікола Равенскі ў 1953 годзе.

Два славутыя беларускія спартоўцы адзначаюць сёньня свой дзень нараджэньня: вясьляр Уладзімер Парфяновіч, чэмпіён Эўропы, сьвету і Алімпійскіх гульняў, і Аляксандар Зыгмантовіч – футбаліст з найлепшага, чэмпіёнскага складу Менскага «Дынама».