Шчукін сьцявярджае, што пра тое, што міністар будзе прымаць грамадзянаў па асабістых пытаньнях, ён даведаўся зь мясцовага друку. Неўзабаве ён запісаўся на прыём, прычым шостым па ліку, а ўчора даведаўся, што ягонае прозьвішча было выкрэсьленае са сьпісу.
Калі ж праваабаронца паспрабаваў высьветліць у начальніка полацкага ГАУС прычыну адмовы ад прыёму, ніякага тлумачэньня не пачуў. Між тым спадар Шчукін прагнуў задаць міністру пытаньне: на якіх падставах і паводле якіх нарматыўных актаў яго, чатыры месяцы таму, пазбавілі прапіскі.
У прызначаны час праваабаронца заняў месца ў чарзе ля кабінэту, дзе ладзіўся прыём, але празь дзесяць хвілінаў быў узяты пад пахі работнікамі міліцыі. Спадара Шчукіна даставілі ў пастарунак, дзе на яго склалі два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Судовае разьбіральніцтва з гэтай нагоды прызначана на 28 лістапада.