Сюжэт твору Андрэя Плясанава выглядае сымбалічна — супрацьстаяньне фігураў у вайсковай форме фігурам яркага колеру ля бел-чырвона-белага шлягбаўму. І ўся гэтая кампазыцыя разьмешчаная на чорным тле з выявамі крыжоў. Твор быў напісаны ў 1990 годзе, амаль за год да трагічных падзеяў ля тэлевізійнага цэнтру ў Вільні.
(Плясанаў: ) “Гэта было ня толькі прадчуваньне. Гэта было відаць з таго, як у парлямэнце СССР ставіліся да літоўцаў, якія ўжо тады казалі, што хочуць адмежавацца ад гэтай вялікай краіны. Усё ішло праз газэты, тэлебачаньне… Так, напэўна, прадчуваньне…”
Андрэй Плясанаў адзначае для Радыё Свабода, што на стварэньне гэтага твору яго натхнілі тады ня толькі літоўскія, але й грузінскія падзеі, а таксама разгон першага мітынгу ў Курапатах, у якім браў удзел сам мастак.
(Плясанаў: ) “У 1988 годзе, калі праходзілі першыя Дзяды, я быў першы раз пабіты дубінкамі ля Маскоўскіх могілак. Гэта ўсё частка жыцьця, якая пераасэнсоўваецца і потым выліваецца ці ў музыцы, ці ў жывапісе. А крыжы — гэта людзі, якія былі забітыя падчас гэтых падзеяў. Гэта і Грузія таксама, і бел-чырвонае — усё гэта сымбалі й мае адчуваньні, як гэта было ў маёй душы на той момант”, — распавёў Андрэй Плясанаў.
Літоўскі амбасадар Ёнас Паслаўскас падзякаваў Андрэю Плясанаву за падарунак і адзначыў, што ягоны твор будзе разьмешчаны на пачэсным месцы ў літоўскай амбасадзе.
(Паслаўскас: ) “Бясконца дорага, калі суседзі не застаюцца абыякавыя да нашай гісторыі. Гэта паказвае еднасьць літоўскага й беларускага народаў, нашу чалавечую блізкасьць, нашу агульную гісторыю. Дзякуючы мастаку за прыгожы падарунак, згадваючы дзень 13 студзеня, я згадваю словы нашай вялікай асобы: “За вашу й нашу свабоду”. Пакуль для нас будзе важная свабода суседняга народу, датуль нашы людзі й дзяржавы будуць жыць у згодзе й плённым супрацоўніцве”, — адзначыў амбасадар Літвы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас.