КАЛЯНДАР СВАБОДЫ

Ул. інф.

Спачатку – пра каляндарныя даты ўчорашняе нядзелі.

23 лістапада 1831 году ў Санкт-Пецярбургу адкрываецца Румянцаўскі музэй. Кнігі, рукапісы, манэты, этнаграфічныя і мастацкія калекцыі былі перавезеныя сюды з Гомельскага палаца графа Румянцава, куды ён усё гэта зьбіраў у часе сваіх ваенных паходаў. Пазьней музэй быў перавезены зь Пецярбургу ў Маскву, а там на ягонай базе была створаная Румянцаўская бібліятэка, якая за савецкім часам стала бібліятэкай імя Леніна – гэта значыць, галоўнай расейскай бібліятэкай.

23 лістапада ў розныя гады пакінулі гэты сьвет францускі пісьменьнік Праспэр Мэрымэ і дасьледнік беларускай мінуўшчыны Адам Кіркор.

23 лістапада 1851 году нарадзіўся Ёнас Басанавічус – адна з цэнтральных постацяў літоўскага нацыянальнага адраджэньня. Басанавічус або Басановіч блізка сябраваў зь беларускімі адраджэнцамі пачатку мінулага стагодзьдзя. Сёньня імя Басанавічуса носяць вуліцы ці не ва ўсіх гарадах Літвы, у тым ліку ягоным імем пераназваная колішняя віленская Вялікая Пагулянка. Партрэт адраджэнца зьмешчаны на купюры вартасьцю 50 літаў.

Таксама ўчора споўнілася 70 гадоў добра вядомаму ва ўсім сьвеце польскаму кампазытару-авангардысту Кшыштафу Пэндэрэцкаму.

І цяпер – пра сёньняшні каляндар.

Сёньня спаўняецца 7 гадоў з таго дня, калі ў Беларусі прайшоў рэфэрэндум, вынікі якога не прызнала большасьць краінаў сьвету. Ды й пытаньні таго рэфэрэндуму сёньня мала хто памятае. Між тым, галасавалі тады за два блёкі пытаньняў – блёк прэзыдэнта і блёк Вярхоўнага Савету. Афіцыйныя вынікі сьведчаць пра падтрымку народам прэзыдэнта і пра непадтрымку Вярхоўнага Савету. У прыватнасьці, большасьць людзей выказалася за перанос Дня незалежнасьці на дзень вызваленьня Менску 3 ліпеня, за зьмены ў Канстытуцыі, якія дадалі да прэзыдэнцкага тэрміну 2 гады, супраць куплі і продажу зямлі і супраць адмены сьмяротнае кары. А вось самы парадаксальны вынік таго рэфэрэндуму. На пытаньне Вярхоўнага Савету: «Ці згодныя Вы, што фінансаваньне ўсіх галінаў улады павінна ажыцьцяўляцца публічна і толькі зь дзяржаўнага бюджэту?» 65 адсоткаў беларусаў адказалі адмоўна.

Сярод славутасьцяў, якія прыйшлі на сьвет 24 лістапада ў розныя гады, згадаем сёньня францускага мастака Анры Тулуз-Лятрэка, беларускага пісьменьніка Вісарыёна Гарбука, якому сёньня – 90 гадоў, архітэктара Георгія Бенядзіктава, які спраектаваў менскія будынкі Белдзяржфілярмоніі і Музэя гісторыі 2 сусьветнай вайны, і папулярнага кінарэжысэра Эміра Кустурыцу.