РАДА МІЖНАРОДНАЙ АРГАНІЗАЦЫІ ПРАЦЫ ПРЫНЯЛА РЭЗАЛЮЦЫЮ ПА БЕЛАРУСІ

Галіна Абакунчык, Менск

Такое рашэньне Міжнароднай арганізацыі працы сталася адказам уладам Беларусі на шматлікія факты парушэньня правоў незалежных прафсаюзаў.

Цяпер Міжнародная арганізацыя працы мусіць стварыць адмысловую камісію, якая паводле ўзгадненьня з урадам краіны павінна прыехаць у Беларусь і заняцца паглыбленым і ўсебаковым вывучэньнем ўсіх фактаў парушэньня правоў прафсаюзаў. Гэта надзвычайны выпадак, паколькі за ўсю гісторыю дзенасьці МАП артыкул 26 прымяняўся ўсяго некалькі разоў да краінаў з антыдэмакратычнымі рэжымамі — у прыватнасьці, да Бірмы, а таксама ў свой час да Румыніі й Польшчы, калі там была камуністычная дыктатура.

Вось як гэта пракамэнтаваў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Сумная падзея адбылася ў дачыненьні да нашай краіны, якая, натуральна, акрамя прыкрасьці нічога не выклікае. Але тое, што адбывалася і адбываецца ў дачыненьні прафсаюзных правоў, у дачыненьні незалежнага прафсаюзнага руху — агульнавядома, і адбылося тое, што адбылося”.

Пра магчымае прымяненьне артыкулу 26 Міжнародная арганізацыя працы папярэджвала кіраўніцтва Беларусі яшчэ падчас летняй сэсіі, прысьвяціўшы праблеме ўзаемаадносінаў уладаў і прафсаюзаў асобную старонку выніковай рэзалюцыі. А падвышаную ўвагу да гэтай праблемы міжнародная супольнасьць выяўляе яшчэ з 2000 году, калі з адмысловай скаргай у МАП зьвярнуліся шэраг прафсаюзных лідэраў.

Кіраўніцтва Фэдэрацыі прафсаюзаў, якую ўзначальвае Леанід Козік, цяперашняе рашэньне Міжнароднай арганізацыі працы пракамэнтаваць адмовіліся. У сваю чаргу лідэр прафсаюзу аўтамабільнага й сельскагаспадарчага машынабудаваньня Аляксандар Бухвостаў, называе палітыку спадара Козіка прадзяржаўнай, якая скіраваная на задушэньне незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі. Гаворыць Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “Гэтая фэдэрацыя і старшыня — яны стаяць на службе ў адміністрацыі прэзыдэнта. Іх палітыку яны цалкам падтрымліваюць, і працоўны чалавек для іх заўсёды быў на апошнім месцы. Яны даўно ператварылі прафсаюзы ў карпаратыўную арганізацыю таталітарнай дзяржавы. Цяпер яны развальваюць прафсаюзы радыёэлектронікі й сельскагаспадарчага машынабудаваньня, спрабуюць звольніць мяне на загад Лукашэнкі; гэтаксама Фядыніча, гэтаксама Ярашука звольнілі незаконна, ціснуць на людзей. Словам, гэта ператвараецца ў бяспраўе ў адносінах прафсаюзаў. Таму я тут бачу толькі пасьлядоўную палітыку Міжнароднай арганізацыі працы па навядзеньню парадку ў Беларусі”.

Цяпер адмысловая камісія МАП мусіць прыняць канчатковае рашэньне па Беларусі, якое не выключае прымяненьня міжнародных эканамічных санкцыяў. Паводле спадара Бухвостава, пра сур’ёзнасьць гэтых намераў сьведчыць нядаўняе рашэньне Эўракамісіі аб забароне для Беларусі падвысіць у краіны Эўразьвязу экспарт беларускага тэкстылю.