ШТО ГУБЛЯЮЦЬ ЧЫНОЎНІКІ ПАСЬЛЯ ТАГО, ЯК ІХ ЗВАЛЬНЯЕ А.ЛУКАШЭНКА?

Юры Сьвірко, Менск

Сёлета ў траўні быў прыняты закон “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь”, паводле якога адстаўкай лічыцца спыненьне дзяржслужбы толькі з ініцыятывы самога чыноўніка. Таму на юрыдычнай мове нельга казаць, што Аляксандар Лукашэнка накіраваў у адстаўку рэктара БДУ Аляксандра Казуліна — гэта было проста звальненьне з пасады.

Што да статусу спадара Казуліна, дык, паводле тлумачэньняў кадравай службы Белдзяржунівэрсытэту, былы рэктар БДУ меў статус дзяржслужбоўца толькі тады, калі ўнівэрсытэт падпарадкоўваўся непасрэдна Савету міністраў і Аляксандар Казулін меў статус сябра Саўміну. Кіраўнік кадравай службы БДУ Алег Клімковіч заявіў, што пасьля выбараў 2001 году спадар Казулін свой статус дзяржслужбоўца страціў:

(Клімковіч: ) “Цяпер ён ня быў, ужо ня быў. Рэктар — гэта звычайны службовец. Ён адносіўся да катэгорыі кіраўнікоў зь ліку прафэсарска-выкладчыцкага складу. Пакуль мы падпарадкоўваліся Саўміну — так, ён быў дзяржслужбоўцам, а далей я, шчыра кажучы, ня ведаю. Да нас ён прыйшоў зь першай клясай дзяржслужбоўца — гэта самы высокі (міністры, намесьнікі міністраў усе). А ніжэй пайшла другая кляса”.

Паводле згаданага закону аб дзяржслужбе, заработная плата дзяржаўных службоўцаў складаецца з акладу, надбавак за клясу, за выслугу гадоў, прэміяў ды іншых выплатаў, прадугледжаных заканадаўствам. Памеры надбавак за клясу вызначае толькі прэзыдэнт Беларусі. А за выслугу гадоў, нават адпрацаваўшы ўсяго шэсьць месяцаў, чыноўнік мае надбаўку 10% да свайго акладу ўжо з надбаўкай за клясу. Пасьля трох гадоў працы гэта ўжо 15%, праз 8 гадоў — 20%. Праз 15 гадоў — 30%, а пасьля 20 гадоў дзяржслужбы — ужо 40% надбаўкі. Акрамя таго, за ступень кандыдата навук плацяць яшчэ 5%, а за доктара — 10%.

Аднак самая галоўная надбаўка заканадаўствам не прадугледжаная — пасьля свайго арышту былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў распавядаў, што ўсім міністрам даюць так званыя грошы на лячэньне — некалькі сотняў даляраў, якія прыносяць у капэрце. Дарэчы, права на абслугоўваньне ў лечкамісіі — дакладней, рэспубліканскім шпіталі кіраўніцтва справаў прэзыдэнта — усе чыноўнікі лічаць галоўнай сваёй прывілеяй. Праз гэтую лечкамісію ім таксама даюць са зьніжкамі пуцёўкі ў санаторыі кіраўніцтва справаў на Нарачы, Чорным ці Балтыйскім моры.

Былы міністар працы Аляксандар Сасноў на пытаньне, што губляе чыноўнік пасьля звальненьня, адказаў гэтак:

(Сасноў: ) “Заработную плату. Можа, зь нейкіх пасадаў — пэнсійныя нейкія льготы. Дзяржаўныя дачы ёсьць, але гэта можна толькі арандаваць — плаціць за гэта грошы. Хто гэта бярэ, а хто не бярэ — бясплатна няма”.

Але тыя ж дзяржаўныя лецішчы ў Драздах для самых галоўных чыноўнікаў зь бясплатнай аховай каштуюць ім нядорага — ёсьць сыстэма зьніжак.

Праўда, супрацоўніца кадравай службы Савету Міністраў Ганна Віктараўна на пытаньне пра цяперашнія льготы для чыноўнікаў адказала даволі двухсэнсоўна:

(Ганна Віктараўна: ) “Наш адзін супрацоўнік кажа: памерці толькі за свой кошт”.