У грамадзкай прыбіральні ля плошчы Перамогі запытваюся ў наведнікаў, якімі павінны быць прыбіральні:
(Мужчына: ) “Яны павінны быць, па-першае, чыстымі, па-другое, культурнымі, каб як да хаты зайшоў. І павінна граць лёгкая музыка. Хай магнітафон паставяць”.
Грамадзкай прыбіральні ля плошчы Перамогі амаль пяцьдзясят гадоў. Апошнія дзесяць гадоў за яе наведваньне трэба плаціць грошы. Цяперашні кошт паслугаў — 250 рублёў. Касірка распавядае пра шэраг паслугаў, якія тут прапаноўваюць наведнікам:
(Касірка: ) “Ёсьць у нас душ, прасавальная дошка, прас, іголачкі, каб зашыць нешта. А так туалет у нас чысты, людзей няшмат ходзіць. Наш туалет абсалютна нерэнтабэльны. На грамадзкі ўнітаз усё роўна ня сядзеш. Каб у нас былі нейкія кардонныя аднаразовыя сядзеньні… Іншы раз прыяжджаюць немцы, а ім жа трэба ўсесьціся. Вось яны ня могуць так стоячы, як мы”.
У цэнтры Менску, побач з Купалаўскім тэатрам,знаходзіцца гістарычная прыбіральня ў выглядзе палацу. Пра першую публічную прыбіральню ў Менску распавядзе гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі:
(Харэўскі: ) “Будынак ці ня самай славутай беларускай прыбіральні, помнік архітэктуры пачатку 20 стагодзьдзя, быў узьведзены адначасова з будынкам тэатру. Ягонае ўзьвядзеньне стала лягічным працягам добраўпарадкаваньня гарадзкога сквэру пасьля правядзеньня вадаправоду ў 1874 годзе. Сам гэты будынак, як і будынак тэатру, быў пастаўлены паводле праекту архітэктара Казлоўскага, а форма гэтага будынку была абраная ім знарок у стылі нэабарока — як пародыя на палацык аднаго са сваіх заказчыкаў з Ігуменскага павету, які не даплаціў архітэктару за ягоную працу. І жадаючы пасьмяяцца са свайго чванлівага заказчыка, архітэктар фактычна скапіяваў ягоны палацык. Пабудова прыбіральні ў гэтым менскім сквэры — гэта была калясальная справа. Гэта была першая грамадзкая прыбіральня на тэрыторыі Беларусі”.
Дарэчы, з прыбіральняй ля Купалаўскага тэатру зьвязаная і больш сучасная гісторыя. Пасьля рэфэрэндуму 1995 году, у выніку якога была зьмененая нацыянальная сымболіка, ля прыбіральні-палацу адбылася акцыя актывістаў моладзевых арганізацыяў. Як раней “Ціцянкоў і кампанія” зрывалі бел-чырвона-белы сьцяг з даху адміністрацыі прэзыдэнта, так маладыя апазыцыянэры вывесілі на даху прыбіральні-палацу чырвона-зялёны сьцяг, затым сарвалі яго, падралі й спалілі.
Напэўна, няма таго беларуса, які б не затыкаў нос, заходзячы ў брудныя грамадзкія прыбіральні. Філёзаф Валянцін Акудовіч лічыць, што пытаньне пра брудныя грамадзкія прыбіральні значна больш складанае, чым гэта падаецца на першы погляд:
(Акудовіч: ) “Сацыяльны аспэкт тут, безумоўна, істотны, але ён далёка не адзіны, бо ня менш істотны тут момант агульнай культуры народу, яго традыцыяў. Беларусы — нацыя вясковай культуры, якая ў сваёй традыцыі ўвогуле ня мела прыбіральняў як асобнага ўладкаванага месца. Хадзілі да ветру, хадзілі ў хлеў да скаціны, але калі мода на прыбіральні пачала распаўсюджвацца і на вёску, то гэтая забудова звычайна ладзілася з ламачча, з гнілых дошак, часта безь дзьвярэй была. І гэтак было ня толькі ў галоты, але і ў заможных гаспадароў. І цяпер традыцыя няўвагі да прыбіральні як да ня вартай апошняй справы, прынамсі на вёсцы, застаецца даміноўнай. Але ня трэба думаць, што беларусы тут выключэньне. Чалавецтва тысячагодзьдзі жыло без прыбіральняў, яно стварала вялікія храмы, палацы, тэатры, але абыходзіла ўвагай гэтую штодзённую праблему”.
Да расповеду Валянціна Акудовіча дадам уласны ўспамін. У 1988 годзе студэнткай першага курсу журфаку я паехала на бульбу ў Краснапольскі раён (дарэчы, ягоным кіраўніком быў згаданы Іван Ціцянкоў). І пасялілі мяне ў старой бабулі, у двары якой проста ніколі не было прыбіральні, што тады было для мяне сапраўдным культурным шокам.
Дагэтуль у Беларусі ў тых, хто будуе грамадзкія прыбіральні, застаюцца папулярнымі напольныя ўнітазы. Бізнэсовец Леанід Самейка, чыя фірма займаецца рэалізацыяй сантэхнікі, гаворыць пра вялікі попыт на рынку менавіта на гэтыя ўнітазы:
(Самейка: ) “Цяпер ва ўсіх навучальных установах паціху мяняюць сантэхніку. Дык усе замяняюць старыя чыгунныя напольныя ўнітазы на керамічныя. Я часам зьдзіўляюся, чаму не купляюць звычайных унітазаў, на якіх можна сядзець, яны нават таньней каштуюць за тыя. Нядаўна прыйшлі да нас з Акадэміі Навук, хочуць купіць шмат напольных унітазаў. Мне незразумела, няўжо акадэмікам, якія збольшага людзі сталага веку, зручна стаяць над гэтымі ўнітазамі?”
Але тут ёсьць і іншы, мэдычны аспэкт. Паводле навукоўцаў, пры карыстаньні гэтымі ўнітазамі ў мужчынаў задзейнічаныя пэўныя групы мышцаў, і гэта ёсьць спосабам прафіляктыкі хваробаў прастаты.
Вядома, што ў барах ці рэстарацыях звычайна ёсьць прыбіральні. А вось бар у туалеце — гэта сапраўды дзіва. Тым ня менш, ён ёсьць у будынку новага Менскага чыгуначнага вакзалу. Заходзіш празь дзьверы з шыльдачкай зь літарай “М” і трапляеш у пакой, у якім з аднаго боку прыбіральня, з другога — бар. Як кажуць, можна рабіць сваю справу, не адыходзячы ад стойкі. Зразумела, што наведнікі гэтага бару ў асноўным мужчыны.
Працягваючы вандроўку па менскіх прыбіральнях, зойдзем у “Макдональдз” на праспэкце Скарыны, у якой месьціцца адна зь першых прыстойных бясплатных прыбіральняў у Менску. Некалькі гадоў таму калектыў газэты “Навінкі” наладзіў адмысловую кампанію, прысьвечаную туалетам гэтай рэстарацыі. Згадвае галоўны рэдактар “Навінак” Павал Канавальчык:
(Канавальчык: ) “Яна называлася тады “WсDonald’s”, бо калі перавярнуць славуты сымбаль “Макдональдза” “Mс”, то атрымаецца знак туалету “WC”. Акцыя пачалася літаральна з таго самага часу, як быў адчынены першы “Макдональдз” у цэнтры гораду, і адпаведна цэнтар гораду зьяўляўся і зьяўляецца дасюль галоўным месцам спатканьня моладзі, якая сустракаецца каб пакамунікаваць і, адпаведна, папіць піва. Натуральна, што пасьля піва хочацца вырашыць і шэраг фізіялягічных патрэбаў, тады мы заўважылі, так і атрымалася, што туалеты “Макдональдзу” былі тады сапраўды самымі прыстойнымі ў Менску.
А чаму “Макдональдз”? Цяпер, праўда, нельга казаць, што туалеты “Макдональдзу” зьяўляюцца паказьнікам або ўзорам сапраўды прыстойных туалетаў. Шкада, што ня нашыя туалеты наблізіліся паводле ўзроўню да макдональдзаўскіх, а сам “Макдональдз” так ці інакш збавіў свае абароты прыстойнасьці ў справе месцаў агульнага карыстаньня”.
Я паспрабавала высьветліць у Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі: колькі ў Беларусі ўвогуле грамадзкіх прыбіральняў на душу насельніцтва, але дакладнага адказу на гэтае пытаньне не атрымала. Я запыталася ў начальніка ўправы камунальнай гаспадаркі міністэрства Аляксандра Літвіна, ці існуе нейкая структура, якая адказвае за санітарны стан беларускіх прыбіральняў.
(Літвін: ) “Паўсюль па-рознаму. На чыгунцы — чыгуначнікі, у грамадзкай краме — крама, у парку — “Зеленбуд”. Усе арганізацыі могуць адказваць за гэтыя туалеты”.
Зыходзячы з гэтага, напэўна адміністрацыя ашмянскага аўтавакзалу нясе адказнасьць за бруд і смурод у платнай прыбіральні ў Ашмянах, якой вымушаныя карыстацца пасажыры аўтобусаў, якія едуць у Вільню.
Увогуле, правінцыйныя прыбіральні — тая тэма, якая вымагае адмысловага рэпартажу. Прывяду толькі адзін расповед касіркі з грамадзкай прыбіральні на плошчы Перамогі:
(Касірка: ) “Я ў Рудзенску іншы раз бываю, нават у Пухавічах. Там і кветнічкі на вакзале зробленыя, і ўсё. Але ў прыбіральню ж не зайсьці! Гэткі ж смурод. Нават няма кручку, каб торбу павесіць. Хоць ты яе ў зубы бяры. І там жа не ступіць”.
І як тут не прывесьці словы прафэсара Прэабражэнскага з “Сабачага сэрца” Міхаіла Булгакава, які казаў, што “разруха не ў клязэтах, а ў галавах”.